НА ШТО НАДВОР’Е ВАРОЖЫЦЬ
13.05.2009
Раней май вясельным месяцам не быў: яго лічылі неспрыяльным для заключэння шлюбу. Цяпер жа, як паказвае статыстыка, вяселляў у апошні месяц вясны ніколькі не менш, чым у іншыя. Таму не лішнім будзе нагадаць некаторыя вясельныя прыкметы, звязаныя з надвор’ем, бо ў маі і ў пачатку лета яно кожны дзень можа мяняцца.
У адпаведнасці са старажытнымі светапогляднымі ўяўленнямі дарога вясельнага поезда нагадвала сабой шлях казачнага героя, на якім яму даводзілася пераадольваць шматлікія перашкоды. Таму ў некаторых мясцінах дарогу ад парога хаты нявесты і да царквы мялі венікам і пасыпалі попелам, палілі вогнішчы паабапал дарогі.
Кожная дэталь або на першы погляд нейкая драбнічка, з якой сутыкнуліся ўдзельнікі вясельнага поезда, напаўнялася глыбокім сэнсам. Асабліва кепскім лічылася сустрэць на шляху да шлюбу пахавальную працэсію. І наадварот, калі ў дзень вяселля ў сям’і кагосьці з маладых ацялілася карова, ажарабілася кабыла і г. д., гэта прадказвала шчаслівае і доўгае сумеснае жыццё.
Важная роля ў прадказанні характару будучага жыцця маладой пары надавалася надвор’ю ў дзень вяселля. Шматлікія збіральнікі народных традыцый у розныя часы і ў розных мясцінах фіксавалі інфармацыю пра тое, што дождж або снег у дзень вяселля прадказвалі шчаслівае жыццё маладых: “Калі ў час вяселля ідзе вялікі снег ці дождж — маладыя будуць багатыя”.
Пра надвор’е ў дзень вянчання меркавалі і так: “Яснае надвор’е — шчаслівае жыццё, дождж — багацце, гром — няшчасце”. Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адзін вельмі цікавы і важны аспект, які датычыцца нашых адносінаў да нявесты ва ўмовах кепскага надвор’я. Вельмі часта можна бачыць такія сцэны падчас вясельнага абраду.
Картэж машын пад’ехаў да нейкай рытуальнай мясціны — помніка, Вечнага агню, свяшчэннай крыніцы, маладыя выходзяць з машыны, каб пакласці кветкі. А ў гэты час пачынае церушыць дождж, адкрытая лёгкая сукенка нявесты не ратуе ад павеву халоднага ветру. Уважлівы і далікатны жаніх або нехта з дружак, сяброў маладых аддаюць свой пінжак, каб прыкрыць плечы маладой.
Не адзін раз даводзілася чуць ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення, што так рабіць ні ў якім выпадку нельга. Наўмыснае пранікненне чужароднага элемента, не прадугледжанага традыцыяй, у адзенне нявесты можа справакаваць, па народных уяўленнях, непажаданыя наступствы, напрыклад з’яўленне іншага мужчыны ў жыцці маладой.
Так што лепш пры выбары вясельнага строю прадугледзець і такую дэталь, як накідка ці палярына, якая будзе і аздобай сукенкі, і засцеражэ ад холаду.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=32111
НАДВОР’Е
Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі
08.04.2008 г.
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Няма на сьвеце тэмы больш унівэрсальнай, нэўтральнай, для ўсіх цікавай і заўсёды актуальнай — як надвор’е. У любой кампаніі — і пры сустрэчы зь незнаёмцамі, і з блізкімі сябрамі тэма надвор’я становіцца выратавальнай пры пагрозе маўчаньня, абавязковай пры адсутнасьці іншых тэмаў.
Ёсьць нават людзі, якія пяць-дзесяць разоў на дзень уключаюць тэлевізары толькі дзеля таго, каб паслухаць пра надвор’е. А самі і з хаты выходзіць не зьбіраюцца. Ці не хвароба гэта нейкая новая? А мо традыцыя?”
(Тацяна Валодзіна: ) “Найперш веданьне надвор’я патрабуецца і патрабавалася шмат гадоў таму сялянам-земляробам. Калі і што лепш пасеяць, ці сьпяшацца з уборкаю, каб пасьпець да нягоды, што лепш зародзіць і яшчэ на шэраг пытаньняў спрабаваў адказаць селянін, назіраючы за прыроднымі зьявамі. Вякамі назіраючы за станам нябесных сьвяцілаў і зорак, за зьменамі ў стане расьліннага і жывёльнага сьвету, нашыя продкі стварылі цэласную і разам з тым дэталёвую сыстэму прадказаньняў надвор’я”.
(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Спачатку паспрабуем вызначыць, якое надвор’е разумелася добрым і якое, адпаведна, дрэнным?”
(Валодзіна: ) “Характарыстыка “добрага надвор’я” залежала ад пары году (а ў народзе год дзяліўся пераважна на зіму і лета); і тады пагодлівымі ўлетку называліся дні ясныя, цёплыя і сухія, а зімою — марозныя і бясьсьнежныя. Усе іншыя шматлікія атмасфэрныя зьявы — не ўважаючы на іх значэньне для ўраджаю — адносіліся да катэгорыі нягоды:
Калі ў печы агонь чырвоны — будзе мароз, а калі бледны — будзе адліга. Калі лучынка, гарэўшы, трашчыць і прыскае, або дровы ў печы гараць, гараць, а далей нешта з палена зашыпіць: пшш! то паказвае на доўгі вецер. Калі кошка стане дзірабаць кіпцямі ножку стала, лавы, кол у плоце ці наогул сухі прадмет, то трэба чакаць ветранага надвор’я ці сваркі мужа з жонкаю; але калі яна дзірабае жывое дрэва, то будзе бура”.
(Ракіцкі: ) “Калі б мы зьвярнуліся зараз па камэнтар да біёляга, географа, яны б нам добра патлумачылі, што асобныя прыкметы маюць пад сабой жыцьцёвую аснову. Неяк адразу і не даводзіцца казаць пра іх архаічную, міталягічную аснову”.
(Валодзіна: ) “І ўсё ж бальшыня прыкметаў дэманструе вытрыманую сьветапоглядную лёгіку. І часта абсурдная на першы погляд прыкмета становіцца зразумелай з гледзішча канцэптуальных кірункаў супастаўленьня”.
(Ракіцкі: ) “Калі мы, прыкладам, кажам, што ластаўкі нізка лятаюць — на дождж, а кот качаецца па падлозе — на мароз, то перакананы, што арганізм жывёліны выступае як своеасаблівы баромэтар. Як і ў некаторых з нас пачынаюць ламіць суставы перад зьменай надвор’я. Ніякай міталёгіі…”
(Валодзіна: ) “Але з тымі ж жывёламі й птушкамі ёсьць і такія прыкметы: калі крумкач каркне, павярнуўшыся на поўнач, чакаць холаду, а на поўдзень — будзе цёпла. І тут мы зыходзім з таго, што добрае надвор’е прадказвае кірунак з поўдня, з усходу; халоднае — з поўначы, захаду. І далей не істотна, будзе гэта вецер альбо зьвернутая ў той бок крумкачова дзюба”.
(Ракіцкі: ) “Значыць, гарызанталь адводзіць добраму надвор’ю ўсход і поўдзень. Лягічна. А вэртыкаль?”
(Валодзіна: ) “У пляне вэртыкалі добрае надвор’е прагназуе кірунак уверх. А гэта можа быць і дым, які ідзе з коміну проста ўгору і вяшчуе добрае надвор’е, бо калі сьцелецца ці кідаецца туды-сюды, то паказвае на дождж.
А можа быць і каровін хвост — бо калі карова падыме і закіне хвост на сьпіну, будзе добрае надвор’е. Становіцца важным нават той факт, якім бокам ляжа ўвосень лісьце з дрэваў — калі сьцелецца дольным бокам уверх, то зіма будзе цяжкая, наадварот — лагодная.
Ці дзе сядзе варона…” Калі на начлезе варона сядзіць на вершаліне дрэва ў бок ветру, то на другі дзень будзе спакойнае надвор’е; калі ж яна садзіцца на ніжніх частках дрэва і хаваецца між галінаў, то трэба чакаць непагадзі”.
(Ракіцкі: ) “З прасторавымі паказальнікамі разабраліся. А візуальныя, акустычныя характарыстыкі? Наколькі важным стае гук у прыродзе? Колер? Тон?”
(Валодзіна: ) “Лёгіка ўсё тая ж. Проціпастаўленьні тыпу сьветлы — цёмны, ціхі — гучны напаўняюцца рэаліямі беларускай прыроды, густа аздобленымі падрабязнасьцямі й зусім дзіўнымі камэнтарамі: Сонца варожыць добрае надвор’е, калі ўзыходзіць ясна. Калі ж узыходзіць быццам заспанае і зануранае ў ваду і калі над ім цямнее, трэба спадзявацца дажджу.
І разам з тым, пагода будзе, калі ўперадзе статку ідзе сьветлая карова, а калі чорная — на дождж. Добрае надвор’е атаесамляцца зь ціхім, спакойным у процілегласьць мітусьліваму і шумнаму, такому, якой і належыць быць непагадзі.
Тычыцца гэта як самой прыроды, гэтак і чалавека: Сьвіньня вішчыць — к нянасьцю, нібыта ёй цесна ў гнязьдзе. Гусі й качкі перад непагадзьдзю беспакойна плешчуцца і гагочуць. Калі ўвечары дзеці забаўляюцца доўга на двары ці ў хаце, то на другі дзень трэба чакаць дажджу ці сьнегу.
Пры гэтым, чым жвавейшыя былі гульні, тым мацней будзе дождж ці сьнег. Калі шмат зьбярэцца цыганоў ці жыдоў да яны паднімуць гармідар да крык, то ня хібіць пайсьці дождж, а калі надта жыды зімою па сяле цягаюцца, то будзе мяцеліца. Апазыцыя пагода — нягода выступае сынанімічнай нават такой пары, як добры чалавек — ліхадзей.
Верылі, што дабрачынныя людзі звычайна паміраюць у ясны дзень ці сваёй сьмерцю выклікаюць яснае надвор’е, у той час як ліхадзеі паміраюць у непагадзь, якая доўжыцца да таго часу, пакуль зямля ня прыме іхныя целы”.
(Ракіцкі: ) “Калі падсумаваць згаданыя прыкметы, якім жа будзе партрэт добрага надвор’я?”
(Валодзіна: ) “Сабраныя ўсе разам, прыкметы апісваюць добрае надвор’е праз наступныя характарыстыкі: ясны, спакойны, звонкі, празрысты, гучны, верхні, чысты, першы, парны, паўдзённы.
Партрэт нягоды апісваецца праз спасылкі на шумнае, цьмянае, глухое, дольнае, мутнае, апошняе, няцотнае, паўночнае і заходняе. Несумненна, практыка і вопыт сталіся грунтам падобных назіраньняў, але лёгіка мысьленьня, кірунак сымбалічных пошукаў, распрацоўка мадэляў і канкрэтнае запаўненьне схемаў сьведчаць ня толькі аб назіральнасьці сялянаў, але і аб іх вобразна-сымбалічным успрыманьні зьяваў.
Бо кожны рэальны, хаця б і дробязны факт, улучаны ў агульную карціну сьвету, і займае пэўнае, толькі яму і адведзенае месца”.
(Ракіцкі: ) “Прыкметы-прадказаньні надвор’я — толькі адзін з пластоў невычэрпнага багацьця народных прыкметаў. І калі мы кажам, што грунтуюцца яны ня толькі на рэальных назіраньнях, то як быць зь іншымі прыкметамі? У кожнай — свая лёгіка? Альбо ёсьць агульныя заканамернасьці?”
(Валодзіна: ) “Яны ёсьць. І калі мэтэаралягічныя прыкметы — самыя бяскрыўдныя, зьвернемся да самых страшных — прыкметаў-знакаў сьмерці”. Калі ўзімку дрэвы гнуцца ад сьнегу і падаюць адломленыя сукі, трэба чакаць навалу на людзей. Калі перад заходам сонца куры квохчуць, то гэта значыць, што ў той хаце хтось захварэе, а то і памрэ.
Хто ўбачыць увесну першую жабу пузам уверх, той у гэтым годзе ўбачыць у сваёй хаце нябожчыка. Калі чорная карова паглядзіць праз акно ў хату — чакай хаўтураў.
Пры лягічным, безэмацыйным падыходзе абсалютная бальшыня такіх прыкметаў укладваецца ў пэўныя структурныя схемы з загадзя вядомымі кампанэнтамі. І тады сьмерць у прыкметах прадказвае ўсё дольняе, ніжняе, заходняе, левае, начное, няправільнае, чорнае, цёмнае, неспакойнае, няцотнае і, увогуле, перакуленае”.
(Ракіцкі: ) “Як гэта ні здаецца дзіўным і нават абразьлівым, у асноўных пазыцыях характарыстыка сьмерці паўтарае расшыфраваны вышэй “партрэт” дрэннага надвор’я. Як магло такое здарыцца?”
(Валодзіна: ) “Гэтае цяжкое, нэгатыўнае маральна-пачуцьцёвае ўражаньне можа быць зьнятае, калі мы зьмесьцім і пару добрае — дрэннае надвор’е, і пару жыцьцё — сьмерць у рэчышча адной, больш абагуленай і ўнівэрсальнай апазыцыі: дабро — зло, добры — дрэнны.
Далей мы можам аналізаваць прыкметы-прадказаньні ўраджаю, удалага лёсу маладых. Правыя іх часткі сваёй ідэяй будуць паўтараць ўжо названыя, бо і яны таксама выступаюць як прыватныя рэалізацыі асноватворнай пары станоўчы — адмоўны”.
(Ракіцкі: ) “Застаецца падкрэсьліць, што ўсе прыкметы апісваюць адрасаваны нам знак, які мы і павінны расшыфраваць. Хацелася б толькі, каб найбольш хвалявалі нас прыкметы аб чаканай вясьне, якім будзе лета, ці браць сабою парасон, і адступалі ўсе іншыя беды і нягоды…”
Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/nadvor_ie.html
|