ДУЛЕБЫ
Усходнеславянскае аб’яднанне плямён, якія ў 6 – 7 ст. жылі на тэр. Валыні і правабярэжнай частцы Сярэдняга Падняпроўя. У 1-й пал. 7 ст. вялі барацьбу з аварамі, у 907 удзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград.
Пасля распаду аб’яднання Д. пад назвай бужан і валынян увайшлі ў склад Кіеўскай Русі. Археалагічныя помнікі Д. – паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай.
На думку А. А. Шахматава, частка Д. у канцы 8 – пач. 9 ст. перасялілася на Пд Беларусі. Гэтым ён тлумачыў пашырэнне на Беларусі шматлікіх тапонімаў, якія паходзяць ад слова “дулебы”. В. В. Сядоў лічыць в. Хатомель (Столінскі р-н) паселішчам Д.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/12963
СТАРАЖЫТНЫЯ ДУЛЕБЫ І ІХ ТАЯМНІЦЫ
Вёска Дулебы знаходзіцца недалёка ад Мачаска. Дарэчы, тапонім, які паходзіць ад слова «дулебы», даволі распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. Як вядома з гісторыі, так называлася ўсходнеславянскае аб’яднанне плямён, якія ў VI—VII ст. ст. жылі на тэрыторыі Валыні і правабярэжнай частцы Сярэдняга Падняпроўя.
У канцы VIII — пачатку IX стагоддзя дулебы перасяліліся на поўдзень Беларусі. Таму няма нічога дзіўнага, што магчыма сюда, некалі перасялілася старажытнае племя славян. Сёння цікава паглядзець на іх нашчадкаў, паслухаць іх легенды і паданні, зафіксаваць іх звычаі. Адно з такіх паданняў было апісана Г. Татурам у 1878 г.
У паданні распавядаецца, што на беразе ракі Ольса ў лесе стаяць два валуны, якія па форме нагадваюць слупы. Адзін з іх трохі вышэйшы за другі, а паміж імі невялікі круглы камень… Адкуль жа ўзяліся тыя камяні? Расказваюць так: «Некалі жыў тут народ Дулы, народ гэты быў вельмі спакойны і спагадлівы.
Аднойчы іх князь Кумар выйшаў адным ранкам са свайго дома і ўбачыў на зямлі выразны след ад колаў. Затурбаваўся князь, бо Дулы не ведалі на той час кола. Прайшоў час, і неўзабаве з’явіўся тут другі народ, якім кіраваў князь Гуд. Гуд выклікаў Кумара на паядынак і адсек яму галаву. У тую ж хвіліну абодва скамянелі.
Дык вось: вышэйшы камень — Гуд, ніжэйшы — Кумар, а маленькі круглы —галава Кумара»... Гэтае паданне, якое, несумненна, звязана з гісторыяй племені дулебаў, выклікае шмат думак і пытанняў, на якія ў нас пакуль няма адказаў. Як аказалася, сённяшнія жыхары вёскі не ведаюць такога падання.
Затое мясцовы ляснік Мікалай Шмарлоўскі паказаў нам у лесе вялікую колькасць курганоў, даволі значных па памерах і абкапаных неглыбокімі раўчукамі. Магчыма, тут пахаваны тыя самыя дулебы. Але сцвярджаць гэта дакладна мы не можам, таму што сучасныя археолагі яшчэ не дабраліся да гэтага месца.
На жаль, частка курганоў па-варварску знішчана і парушана падчас вайсковых вучэнняў. Наш праваднік расказаў, што курганы ў гэты перыяд выкарыстоўваюцца як маскіровачны сродак для танкаў, іх хаваюць у сярэдзіну кургана і робяцца незаўважанымі для ўяўнага ворага. 3 курганоў зроблены капаніры.
На ўскрайку лесу знаходзіцца невялікі чорны, быццам абпалены ў печы, камень. Яго аплаўленыя бакі былі вільготнымі пасля нядаўняга дажджу і льсніліся, нібы шкло, у дзённым святле. М. Шмарлоўскі сказаў, што яшчэ гады два таму каменя тут не было і адкуль ён з’явіўся, ніхто з мясцовых не ведае, але мяркуюць, што, магчыма, гэта метэарыт, які пераадолеў высокатэмпературныя слаі атмасферы і завітаў у госці на старажытную зямлю дулебаў.
Ці так гэта? Зноў таямніца. І як тут не згадаць Міколу Гусоўскага: «Край наш — дзівосны прыстанак загадак і цудаў…»
Крыніца: http://rod_vera.blog.tut.by/2013/08/17/svyataya-gara-i-sled-bagarodzitsyi/
|