ДЗЕДАВІЦА

СІМВОЛІКА ВЕТРУ – ГРОМУ – БУРЫ Ў БЕЛАРУСКІМ ФАЛЬКЛОРЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

     

    СІМВОЛІКА ВЕТРУ – ГРОМУ – БУРЫ Ў БЕЛАРУСКІМ ФАЛЬКЛОРЫ

    Апошнім часам да вуснапаэтычнай і міфалагічнай сімволікі ўсё часцей і часцей звяртаюцца пісьменнікі і паэты, гісторыкі і моваведы. Справа ў тым, што менавіта там, у глыбіні стагоддзяў, яны спрабуюць знайсці адказы на шматлікія глабальныя пытанні, якія паўстаюць перад сённяшнім грамадствам.

    Менавіта фальклор з'яўляецца не толькі невычэрпным ідейна-эстэтычны скарбам, створаным нашымі продкамі, але і трывалым падмуркам далейшага развіцця мастацтва і літаратуры. У багатай духоўнай спадчыне беларусаў рознабакова адлюстравана жыццё народа, яго ідэйныя і эстэтычныя погляды, маральна-этычныя ідэалы, абагульнены і замацаваны працоўны і сацыяльны вопыт, выказаны надзеі і спадзяванні на лепшае будучае.

    Важнае месца ў вуснапаэтычнай творчасці нашага народа займае сімволіка прыроды: вецер – гром – бура. Беларусы спрадвеку маюць схільнасць да дасціпнага і выразнага слова, умела перасыпаюць ім сваю жывую гаворку, актыўна выкарыстоўваючы прыказкі і прымаўкі пры кожным зручным выпадку.

    Значнае ажыўленне мовы не адзіная і не асноўная функцыя гэтага жанру фальклору. Больш важнае прызначэнне гэтых сціслых славесных твораў заключаецца ў тым, што яны з'яўляюцца хавальнікамі і выразнікамі шматвяковага гаспадарчага і жыццёвага вопыту народа, яго філасофіі і маралі.

    У іх адлюстраваны багацейшыя практычныя навыкі, якія ўказваюць на тое, што простая сімволіка прыродных з'яў мае надзвычай старадаўнія карані.

    Напрыклад, сімвалы ветру: "Не хвалі вецер, не павеяўшы жыта"; "На дурны вецер мякіны не нагатовіш"; "Куды вецер, туды і дождж"; "Куды вецер, туды і дым" [7, 56] – характарызуюць дакладнае веданне працоўным чалавекам прыроды, назіранні над яе стыхіямі, выяўляюць шматгранны гаспадарчы вопыт.

    Гэта свайго роду народныя веды, што набыты вытворчай практыкай папярэдніх пакаленняў і якія перадаваліся ад старых да малых і т. д. Асаблівую цікавасць для нашай тэмы ўяўляюць сабою прыкметы, якія з-за частага ўжывання сталі прымаўкамі, яны складаюць своеасаблівую сістэму народнай аграноміі.

    Тыя вуснапаэтычныя і міфалагічныя творы, дзе сустракаецца сімвал грому, зноў-такі асноўваюцца на пільных назіраннях за прыродай-маці, па-за якою патрыярхальны чалавек не ўяўляў нават свайго далейшага жыцця-існавання:

    "Калі загрымела на гола, то будзе халодна вясна"; "На лёд загрымела, будзе холад"; "Калі на лёд грыміць, то будзе вясна зімна" [7, 54]; "Грамніца – зімы палавіца"; "Да першага грому зямля не ачышчаецца"; "I ўзімку гром грыміць"; "Калі на лёд грыміць, тады будзе вясна халодная" [4, 78; 79; 83; 84].

    Прыклады, як бачым, слушна занатавалі тыя заканамернасці і ўзаемасувязь прыродных з'яў, якія адбываюцца на сумежжы зімы і вясны. Як бачым, прыведзеныя намі прымаўкі і прыкметы – гэта высокая паэзія думкі, глыбокай жыццёвай праўды, філасофія народнай мудрасці. Іх смела можна назваць дыяментамі народнай творчасці.

    Гэтыя прыклады прыйшлі да нас з глыбінь народнага жыцця і, як сам беларускі народ, яны бессмяротныя. Сімвалы ветру – грому – буры знайшлі сваё адлюстраванне і ў такім фальклорным жанры, як загадка.

    З аднаго боку, у іх, як у прыказках і прымаўках, адлюстраваўся багаты гаспадарчы і жыццёвы вопыт працоўных людзей, з другога – у загадках выказана творчая фантазія, кемлівасць, гумар і паэтычная здольнасць народа.

    Загадкі з'яўляюцца своеасаблівым вуснапаэтычным дакументам, які не толькі дазваляе ўявіць характар гаспадарчай дзейнасці чалавека, але і даносіць да нас каштоўную інфармацыю пра духоўную культуру і светапогляд тагачасных сялян. Народная загадка праз паэтычны вобраз акумуліравала ў сабе багаты і разнастайны матэрыял аб хатнім побыце і будзённым ды святочным жыцці селяніна.

    Пры ўсёй умоўнасці, іншасказальнасці, яна ў той жа час канкрэтная і рэалістычная па сваім змесце. Праца селяніна, быт, прырода ў якой ён жыве (а ў пераважнай большасці выпадкаў зліваецца з усім гэтым і адчувае сябе адным цэлым), – усё гэта і складае галоўную тэматыку загадак.

    Загадка па-мастацку засвоіла цэлыя пласты навакольнай рэчаіснасці і перш за ўсё тыя, што цікавілі чалавека ўжо ў самы далёкі і старажытны перыяд. Такія творы аб прыродзе з'яўляюцца найбольш раннімі па свайму паходжанню.

    3 іх перад намі паўстаюць мастацкія вобразы прыродных з'яў, з якімі чалавек пастаянна сутыкаўся. Неба і нябесныя свяцілы, поры года і з'явы прыроды – усё гэта адлюстравана ў народных загадках, усё гэта падаецца ў святле мастацкіх адчуванняў чалавека працы, якія не раз і не два прайшлі праз ягоную душу.

    У загадках бачацца невялічкія, але па-свойму выразныя мастацкія абразкі. Прыгадаем, напрыклад, наколькі дынамічныя, паэтычныя, выразныя яны пра вецер:

    "Фыркае, рыкае, галіны ламае, пыл падымае, цябе з ног збівае, чуеш яго, ды не бачыш";

    "У полі салавей свішча";

    "Ляціць, а не птушка, вые, а не звер" [2, 334; 338; 340];

    "Маткіну скрыню не паднімеш, дочкіну трубку не скатаеш, браткінага коніка не паймаеш" (Зямля, дарога, вецер);

    "Што радчэйшае ад вады" [1, 151; 154];

    "Хто ляціць без крылаў?" [3, 422];

    "Рук і ног не мае, а дзверы адчыняе" [3, 280];

    "Ляціць без крыл";

    "Без крыл лятае, без ног бяжыць";

    "Ляціць без крыл, у адзін час - сто міль; ляціць не аддыхае, а крылляў не мае";

    "Ляціць, а не птушка, вые, а не звер";

    "Без рук, без ног дзверы адчыняе";

    "Без рук, без ног, а вароты адчыняе";

    "Ні рук, ні ног не мае, а яблыкі страсае";

    "Без ног бяжыць, без рук грукоча";

    "Не мае рук, але зрывае з дрэў лісце";

    "Не мае вуснаў, а вые і свішча. Хто гэта такі?";

    "Не мае душы і цела, а раве, як воўк";

    "Дрэва валіць - ні звер, ні вада, не адгадаеш нікагда";

    "Ляціць птах ні з лупамі, ні ў штанах: найбольшу бярозу з корнем вырывае";

    "I шуміць, і гудзе цэлы век, а не чалавек";

    "I шуміць, і гудзе, на ўвесь свет голас ідзе";

    "Ляціць, а не птушка, вые, а не звярушка";

    "Каля носа ўецца – у рукі не даецца" [5, 40–42].

    Не менш цікавымі, змястоўнымі і выразнымі з'яўляюцца загадкі пра гром:

    "Зароў вол на сем сёл" [2, 338];

    "Рыкнуў вол за многа гор, за многа вод, за многа сёл";

    "Рыкнуў вол на сто гор, на семдзесят азёр";

    "Рыкнуў вол на сто гор, на сто печак, на сто рэчак, на сто розных гарадоў";

    "Рыкнуў вол на сто гор, на сто печак, на сто рэчак, на сто камянёў";

    "Крыкнуў вол на сто гор, на сто рэчак, на сто печак, на сто цагляных каміноў";

    "Зароў вол на сто гор, на сто печак, на сто рэчак";

    "Раўнуў вол на сто гор, за дзесяць балот";

    "Раўнуў вол на сто гор, на тысячу азёр";

    "Крыкнуў вол на сто азёр, на сто міль, на ўвесь свет";

    "Як вол рыкае на сто міль чутна";

    "Зароў вол на сем сёл";

    "Чорны вол раве на сто гор";

    "За трыста вёрст вол раве";

    "Сівенькі жарабец па ўсяму свету ржэць";

    "Сівы жарабец на ўсё царства заржаў";

    "Заржаў жарабёнак на Сіянскай гарэ, а ўчулі голас на гасударскім дварэ";

    "Як заржаў жарабок на крутой гарэ, а як адыржаліся кабыліцы ў турэцкай зямліцы" (Гром і маланка);

    "Шыла-віла, матавіла па-над нябёсамі хадзіла, з папамі гаварыла";

    "З гары падае, а ўнізе б'е";

    "На гары стукаюць, а ўнізе слухаюць";

    "Стукае, грукае - нідзе яго не знойдзеш";

    "Стукае, грукае, а нідзе яго не відаць";

    "Кацілася кадушачка: ні звер, ні птушачка, і ні агонь, і ні вада, не адгадаеш нікагда" [5, 37 – 39].

    Падкрэслім, раскрыццё затоенага сэнсу загадкі з’яўляецца працэсам, у выніку якога ў чалавека складваюцца, замацоўваюцца і паглыбляюцца пэўныя веды аб навакольным свеце. Інфарматару перадаецца змест праз высокі мастацкі вобраз, поўны часам нечаканых параўнанняў, супастаўленняў, збліжэнняў і паваротаў.

    Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, будову свету, назіранні за прыроднымі з'явамі і да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне.

    Адным з самых цікавых, таямнічых фальклорных жанраў, з усіх пунктаў гледжання, з'яўляюцца замовы. Яны найбольш каштоўныя тым, што ў іх знайшлі адлюстраванне многія бакі замаўлення і зацвярджэння гаспадарчага, грамадскага і духоўнага жыцця чалавека.

    Гэта помнікі высокамастацкага слова народа. Па эстэтычна-эмацыянальных вартасцях, паэтычным майстэрстве, вобразнасці мовы, архаічнасці сімволікі замовы пераўзыходзяць многія іншыя фальклорныя жанры.

    Адметнай рысай замоў з'яўляецца адухаўленне ўсяго існага на зямлі, вера ў магічную сілу слова, якое ўспрымаецца як асязальны, матэрыяльны прадмет, што можа ўздзейнічаць на прыроду наогул і на кожную яе праяву ў прыватнасці.

    Пры дапамозе замоўнага слова чалавек імкнуўся ўступіць у кантакты з тварэннямі ўласнай фантазіі – з адухоўленымі сіламі прыроды, на якія ён хацеў аказаць уплыў, падпарадкаваць сабе. Замоўная паэзія сведчыць пра вельмі складаныя адносіны старадаўніх людзей да навакольнай рэчаіснасці, пра глыбіню светаадчування продкаў, пра іх актыўныя роздумы над таямніцамі і малазразумелымі з'явамі жыцця і прыроды.

    Гэтыя разважанні-замовы па-свойму сістэматызавалі і ўвасобілі ў цэлым шэрагу разнастайных па зместу вобразаў, сімвалаў, параўнанняў, эпітэтаў і т. д. Згадаем замовы, якімі карысталіся некалі паляўнічыя. Гэта не выпадкова: паляванне давала людзям самае неабходнае – харчаванне і вопратку.

    Таму паляўнічы, верачы ў магічную сілу слова, нібы пра жывых і разумных істот, гаворыць аб адухоўленых сілах прыроды і, у першую чаргу, – аб ветры, громе і буры.

    У адной з такіх замоў ёсць наступныя словы: "Як страляе з неба Міхаіл-архангел громам і маланняй і вострай стралой і як ніхто не можа ўняць ні грома, ні маланні, ні вострай стралы, так ніхто не можа ўняць і мяне, раба Божага, стральца, і маю ружыну-ружніцу і булат-жалеза" [3, 44].

    А ў замове на трапнасць і сілу стрэльбы чалавек звяртаецца да вятроў і бур, гаворыць аб іх цудадзейным уплыве на звяроў і птушак; яны палохаюць і гоняць на паляўнічага цэлыя хмары дробнага птаства, яны скіроўваюць у бок стральца лісіц і зайцоў, ласёў і дзікоў:

    "А з таго дуба як узняліся шуры ды буры, ветры кавуры, як нанасілі глушцоў, цяцерак, гусей і вутак, малога птаства, як цёмнай хмары. Як наганялі лісіц і зайцоў, ласей і дзікоў мне напатрэбу" [3, 44].

    Прыведзеныя ўрыўкі з паляўнічых замоў паказваюць, з аднаго боку, страх чалавека перад магутнасцю навакольнай рэчаіснасці, з другога – людскія мары і настойлівыя імкненні сілаю слова, магічных прыёмаў і дзеянняў, заклінанняў аказаць уплыў на неўтаймаваныя, варожыя людзям з'явы прыроды.

    А такіх з'яў, вядома ж, было нямала: лютай зімой вымярзалі пасевы, пустошыла поле засуха, няшчадна малаціў нівы і пасевы град, маланка паліла, а вецер і бура разбуралі гаспадарчыя і жыллёвыя будынкі, гром жа наводзіў жах.

    Ад усяго такога чалавек імкнуўся пазбавіцца, выратавацца. Рабіў ён гэта не толькі нейкімі рэальнымі дзеяннямі, але і замоўным словам.

    Параўн., напрыклад, замову ад буры і дажджу [6, 41]: Туча, туча ідзі бокам, Апыніся над Глыбокім; Там пірожкі пякуць, Табе крошкі дадуць, І цябе паджыдаюць. У выніку адзначым, што беларуская вуснапаэтычная творчасць глыбока і ўсебакова раскрывае веліч духоўна-мастацкага багацця народа, прыгажосць яго маральнага вобліку, уменне пажартаваць нават у надзвычай складанай сітуацыі.

    А фальклорная і міфалагічная сімволіка заўсёды даносіла да наступных пакаленняў разуменне існасці сялянскага жыцця ва ўсім яго глабальным значэнні.

    І. М. Скіндзер

    Крыніца: часопіс TERRA ALBA

    1 / 2000 Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць. Мінск, 1967.

    Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мінск, 1979. Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. Мінск, 1996.

    Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. Мінск, 1992.

    Загадкі. Мінск, 1972.

    Замовы. Мінск, 1992.

    Прыказкі і прымаўкі. Мінск. 1976. © Library.by

    Крыніца: http://paganstva.org/viewtopic.php?f=58&t=227




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz