ЛАЗНІК, ЛАЗЕННІК, ЛАЗЕНШЧЫК, БАННІК
Лазнік. Мал. Валеры Славук.
У беларускіх вераваннях дух – жыхар і гаспадар лазні. Жыве за печу – каменкай ці пад палком. Пераважна нябачны або падобны на Вадзяніка. Лічыўся найбольш злосным сярод іншых сядзібных нячысцікаў, што тлумачыцца месцазнаходжанням лазні на мяжы свету Культуры (прасторы, засвоенай чалавекам) і Прыроды.
Адсюль важная роля лазні ў калядных варожбах. Незамужнія дзяўчаты падыходзілі да вусця печы – каменкі, задраўшы спадніцы, або засоўвалі руку ў дымнік: калі Л. дакранецца калматай рукой – будзе багаты жаніх, калі голай – бедны.
Л. палохае ці карае (калецтвам ці нават смерцю) тых, хто мыецца ў лазні пасля поўначы ці заходу Сонца, бо сам любіць памыцца і папарыцца ў гэты час.
Калі ж хто затрымаецца ў лазні так позна, то Л. пачынае кідаць у яго камяні з печкі, імкнучыся забіць парушальніка, або палохае яго ненатуральным храпам, сіпеннем, віскатам, рогатам і да т. п.
Каб залагодзіць Л., у новую лазню прыносілі ахвяру – хлеб ды соль – ці закопвалі пад ганкам чорную курыцу, а таксама пакідалі яму ваду і венік, каб Л. змог памыцца.
Але пры пераходзе сям’і ў новую сялібу Л. у адрозненне ад Хатніка ў яе не запрашалі. У тым выпадку, калі Л. пакідаў лазню, яна павінна была абавязкова згарэць ці разбурыцца.
Да гэтага яго маглі ўзрушыць апрацоўка пянькі і лёну ў лазні, таму што кастрыца вельмі раздражняе Л. Гл. таксама Лазня.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1
|