АНДРЫЯНАВА НОЧ
Андрыянава ноч (Андрэй) вядома ў некаторых раёнах Палесся як ноч дзявочых гаданняў і варажбы пра замужжа. Гадалі на канапляным семені, якое пабывала ў царкве. Прасілі ў Андрыяна, або Андрэя, каб прысніўся той, з кім дзяўчына будзе «у пары на вясне». «Святы Андрэю, канапелькі сею» (Слуцкі п.; Сержпутоўскі, 1930). Пакутнік Андрыян памёр у 251 годзе.
Алесь Лозка
Ноч на 13 снежня завуць у народзе Андрэявай. З даўніны ідзе сцвярджэнне, што дзяўчатам і юнакам у Андрэеву ноч з'яўляюцца выявы іх суджаных. Само імя Андрэй азначае "муж". Чый след ад ганка твайго рана раніцай ідзе: ці птушыны? чалавека? Які след: што разора? што яма? Дзяды раілі: "Не спяшайся. Паглядзі. З ганка тут жа не сыходзь, не заступі следу чужога.
Заступіш - і можа здарыцца так, што пяроймеш шлях таго, хто гэты след пакінуў, і тады чужымі думамі ўразлівы будзеш, чужой важданінай мучыцца станеш, чужыя ношы насіць стомішся."
Варажба пра замужжа
Калі дзяўчаты надумвалі варажыць у вечар, то адно з вёдраў з вадой, прынесенай вечарам на Андрэяў дзень, пакідалі ў сенцах ці халоднай святліцы. Да вады нікому з дамачадцаў не дазволена было падыходзіць: ні чапаць, ні чэрпаць, ні глядзець на яе. Кідалі дзяўчаты ў вядро дробку насення травы-веранікі, а ў яе насенне, што сэрца, і загадвалі: Святы Андрэй, я табе сею-засяваю, дай мне знаць, ці буду я тваю траву рваць?
А потым глядзелі, як насенне плыве па паверхні: ці будзе вада яго круціць ці ў супакоі пакіне? Такім, маўляў, па характары і будзе жаніх. раніцой ужо разглядалі ўзоры на замёрзлай паверхні: што чакае іх у будучыні?
На Палессе дзяўчына, жадаючы ўбачыць у сне свайго наканаванага, сее лён у гаршку, напоўненым зямлёю; прачытаўшы над гаршком "Ойча наш" дзевяць разоў на каленах і дзевяць разоў седзячы, яна кажа: Святы Андрэю, Я на цябе лён сею, Дай жа мне знаць, За кім я буду той лён рваць.
|