БРАС
Брас - у беларускім фальклоры князь Браслава, ад якога пайшла назва горада. Даўно на гары, сярод блакітных азёр, жыў князь Дзвін. У яго была жонка Друка і прыгожая дачка Дрыва, на руку якой прэтэндавалі тры княжычы - Снуд, Ноў і Брас.
Але Дрыва ставіць пачварную ўмову: яна абяцае выйсці за таго з іх, хто заб'е двух іншых. Снуд і Ноў робяць засаду Брасу, але памыляюцца і забіваюць замест княжыча яго слугу. Яны вяртаюцца да князёўны Дрывы і, памятаючы аб умове, дзяруцца паміж сабою.
У выніку гінуць абодва. Даведаўшыся пра гэта, Брас прыязджае ў замак - жывы і здаровы. Дрыва пагаджаецца заключыць з ім шлюб, але Брас пагардліва адмаўляе, зразумеўшы жорсткасць князёўны. Тая выбягае з замка і топіцца ў возеры.
Стары князь Дзвін і яго жонка Друка хутка паміраюць, а Брас узначальвае горад, які атрымлівае яго імя - Браслаў. Ад князя Дзвіна і княгіні Друкі паходзяць назвы рэк Дзвіны і Друйкі, ад імён княжны Дрывы і двух яе няўдалых жаніхоў - назвы азёр: Дрывяты, Снуда і Навяты.
Легенда з'яўляецца спробай позняга тлумачэння назваў геаграфічных аб'ектаў на аснове народнай этымалогіі. На самой справе назва горада Браслава, хутчэй за ўсё, паходзіць ад імя полацкага князя Брачыслава (1003-1044)[1], які заснаваў яго ў ХІ ст. Іншая легенда прапануе альтэрнатыўнае паходжанне назвы ракі Дзвіна.
Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D1%80%D0%B0%D1%81,_%D0%BB%D0%B5%D0%B3%D0%B5%D0%BD%D0%B4%D0%B0
|