КНІГАЎКА, КАНЯ
Даволі распаўсюджаная ў нас птушка, жыхарка лугоў, аселіц, іншых адкрытых месцаў. Яна інтрыгавала нашых продкаў сваім рэзкім жаласлівым крыкам асабліва перад дажджом, пры з’яўленні чалавека ля месца яе гнездавання ці іншай небяспекі. Існуе некалькі міфалагічных тлумачэнняў гэтых асаблівасцяў К.:
1) крык К. азначае просьбу “піць-піць!”, яна вечна пакутуе ад смагі, бо Бог забараніў ёй піць з лужы, возера, рэчкі ці мора, а дазволіў толькі лавіць дажджавыя кроплі або кроплі з камянёў, з лісцяў. Гэта выклікана тым, што пасля стварэння свету вада знаходзілася ў адным месцы, і птушкі, божыя памочнікі, разносілі яе па зямлі. К. адмовілася працаваць, за гэта ёй кара;
2) у іншым паданні гаворыцца, што К. працавала з усімі птушкамі – чысціла мора, але на яе ўзвяла паклёп сарока. Бог пакараў спачатку К., а потым, уведаўшы праўду, пакараў і сароку: яна засталася неадмытай ад гразі, чорна-белай;
3) К. прывезлі шведы, яны дапамагалі шведам знаходзіць мясцовых людзей, падымалі крык, калі адчувалі недалёка людзей, і гэта звычка засталася ў іх цяпер. Гл. таксама Каршун.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1
|