КАЛЯДАВАННЕ
Народны традыцыйны звычай жаджэння каляднікаў па хатах на каляды з выкананнем велічальных калядных песень, тэатралізаваных сцэнак, пераапрананнем у “казу”, “мядзведзя”, “кабылу”, “жорава”.
За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове К. – старажытная аграрная абраднасць, агульным прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. Выразу “ад каляд сонца паварочвала на лета”) і забяспячэнне добрага ўраджаю ў новым гасп. годзе пры дапамозе магічных дзеянняў.
Як рэшткі зімовых язычніцкіх святкаванняў К. забаранялася царквой. З цягам часу яно набыло характар забавы. У калядныя дні, у вечар перад Новым годам (с. ст., на другую куццю, якая ў народзе называлася багатай, шчодрай, тоўстай, мясной), адбывалася шчадраванне: дзяўчаты хадзілі па хатах са “шчодрай” (прыгожай дзяўчынай, якую апраналі ў святочнае адзенне, а на галаву надзявалі папяровы вянок з разнаколернымі стужкамі) і выконвалі шчадроўскія песні (вельмі блізкія да калядных песень), якія ўслаўляюць гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/14506
КАЛЯДАВАННЕ.
Да калядавання групуецца звычайна моладзь, што вечарам ходзіць па вёсцы з віншаваннем. Як “шчыльнік” або запявала, лічыцца сярод каляднікаў патрэбным чалавекам, так не абыходзяцца яны і без дамарослага скрыпача, які без перастанку йграе, часта на двухструннай сваёй скрыпцы, дарогаю ад хаты да хаты і на двары гаспадароў.
Падышоўшы пад вокны або пад дзверы адзін з каляднікаў просіць дазволу “спяваць Каляду”. Гаворачы : “Чі дома пан гаспадар? Чі веліш, пане гаспадару, Каледу запеваты, чі так каледы даты?” Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытае: “Якую заспеваць песню?” Гаспадар называе.
Звычайна спяваюць пад вокнамі, некаторыя запрашаюць у хату; рэдка просяць спяваць болей адной песні, таму што ў такім разе патрэбна большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пірог, за дзве - два, а ў заможных хатах акрамя пірага даюць каляднікам грошы, каўбасы і сала, частуюць і гарэлкай.
Ходзяць каляднікі з вечара да самай раніцы. Калі дзе застаюць гаспадароў спячымі, крыкам сваім падымаюць з ложкаў. Здараецца, хаця і вельмі рэдка, што ім адмаўляюць калядаваць, кажучы:
“У нас була Каляда або “Нэма дома гаспадара” пявуны ці таму, што губляюць цераз гэта ўзнагароджанне, ці лічаць адмову крыўдаю для сябе, а можа прымаючы пад увагу тое і другое разам, высмейваюць такія хаты так: У сій хаце Нэма чаго даты: Саломку таўкуць - Пырагі пякуць. Усе сабраныя пачастункі дзеляцца паміж каляднікамі пароўну, аднаму толькі “шчыльніку” выдзеляецца большая частка.
АПІСАННЕ АБРАДУ "КАЛЯДЫ".
"Калядоўшчыкаў", як правіла, можа быць неабмежаваная колькасць. Але мінімум павінна быць 6 персанажаў. Наперадзе ідзе "Дзед" - знак беларускага Роду, галава любой сям'і.
У беларусаў заўсёды пачыталася старэйшае пакаленне, бо не здарма ўвосень існуе цэлы абрад "Дзяды", дзе падкрэсліваецца павага да прабацькоў, старэйшых па веку. І тут у абрадавым дзеянні "Дзед" галава групы "Калядоўшчыкаў" і кіруе ўсімі іх дзеяннямі. Ледзь ззаду ідуць "Каляда" з "Зоркай", "Каза", "Механоша", Мядзьведзь" і "Варажбiтка".
"Каляда" - гэта беларуская Багіня прыгажосці, бо нездарма "Калядой" прыбіралася самая прыгожая дзяўчына, і ў асноўным ва ўсіх раёнах Беларусі толькі яна мела права несці "Зорку" - "Сонца". "Каза" - знак ураджайнасці, урадлівасці, дабрабыту і здароўя.
Пад рытуальную песню "Каза" павінна зазірнуць ва ўсе куты хаты, у каморкі, у падмосце, на печ, бо ўсюды, куды паглядзіць яе "казіны" погляд, будзе ў Новым Годзе стаяць мяшок з збожжам, з мукой, з бульбачкай, ляжаць каўбасы і іншыя харчы. Паглядзеўшы ўсюды, "Каза" раптам пачынае "брыкацца", "бадацца" і "біць капытамі".
Для чаго? Беларусы вераць, што "Каза" валодае лячэбнымі ўласцівасцямі. Каго яна "стукне", каго "бадне", той у новым годзе будзе здаровым. Але раптам у канцы песні яна падае "як нежывая". Гора тым гаспадарам, калі не залагодзяць "казу" і ўсіх "Калядоўшчыкаў". Аднойчы я сустракаў у аднаго фалькларыста такое апісанне гэтага моманту.
Хлопцы-аднавяскоўцы маглі не прыбірацца ў "Казу", а зрабіць пудзіла "Казы" і дамовіўшыся паміж сабой, пакінуць яе ў якога-небудзь "прагнага" альбо чымсьці " правініўшагася" гаспадара. Яны ў вызначаны момант кідалі пудзіла на падлогу і моўчкі сыходзілі, прычым сам гаспадар не меў права прыбраць "Казу", бо тады ён угневае Багоў.
Небараку прыходзілася, ці ледзь не праз усю вёску бегчы за "Калядоўшчыкамi", залагоджваць іх, абы панеслі "Казу" з хаты. "Калядоўшчыкi" , лічачы, што досыць пакаралі гаспадара, які правініўся, вядома ж выносілі пудзіла. Чацвёрты найболей важны персанаж - гэта "Механоша". Гэта з выгляду дурнаваты, трохі расхлябаны хлопец.
Аднак, пасля таго як "Каза" звалілася, "Механоша" паказвае свой розум і хітрасць. Бо яму неабходна як мага больш выпатрабаваць у гаспадароў прадуктаў, а можа і грошай. Але вось "Механоша сваю працу зрабіў, сабраў усё, што мог. "Дзед" прамаўляе магічныя словы: "Не хоча Каза ўставаць - трэба лёкi ёй даць: нацерцi бок кiйком, падняць батагом…
А ну Каза закладай рогi ды падбiрай ногi, з хаты выхадзi, бяду вынасi. Уцякай хутчэй з гаспадарскiх вачэй. А ў гэтай хаце не шкодзь нiкому!" Усё. Асноўны рытуал завершаны. Гаспадары могуць уздыхнуць з палягчэннем. Але ўдзячныя "Калядоўшчыкi" (мяшок то амаль поўны) прапаноўваюць свае забаўкі. Навучаны "Мядзведзь" смешна парадзіруе аднавяскоўцаў.
Дарэчы, у Беларусі ў сярэднія стагоддзі сапраўдныя навучаныя мядзведзі заўсёды суправаджалі вандроўных артыстаў. А беларуская шляхта лічыла неабходным трымаць у сябе для забаўкі гэтых жывёл. Пасля "Мядзьведзя", развясяліўшага ўсіх, "Варажбiтка" прымаецца варажыць. Варажба ў калядные вечары мела вялікую разнастайнасць і моцнае значэнне.
Дзяўчыны і жанчыны варажылі як разам, так і індывідуальна. Варажба ішла і аб наканаваным, і аб шчасці, і аб здароўі блізкіх, і аб многіх сябрах. Прычым для гэтага выкарыстоўваліся разнастайныя прадметы як асабістага карыстання (кольца, свечка, воск), так і агульнага (плот, вароты, дрэвы і нават зоркі). Пасля варажбы "Калядоўшчыкi" як правіла, з вясёлай каляднай песняй пакідалі хату гасцінных гаспадароў.
|