ПАКРЫВАННЕ
Вясельны звычай, звязаны з пакрываннем нявесты (у некаторых выпадках нявесты і жаніха) наміткай, кажухом, шапкай або хусткай. Меў пераважна абярэгавае значэнне (ад злога вока, злых духаў і г. д.).
Заручыўшы нявесту і расплёўшы ёй косы, сваякі маладога пакрывалі яе спецыяльна прывезенайдля гэтага вялікай чырвонай хусткай (з гэтага часу маладая лічылася прыналежнасцю роду маладога).
Калі маладая не атрымлівала хусткі, то пакрывалася сваёй, бо, згодна нар. звычаем, пасля заручын нявеста магла выхозіць з хаты толькі з пакрытай. Едучы да шлюбу, маладая акрамя хусткі пакрывалася кажухом (або апранала яго) незалежна ад пары года.
Адпраўляючы маладых да бацькоў маладога, хросная маці маладой пакрывала іх дзвюма наміткамі (пазней хусткамі) і звязвала чырвоным поясам. За гэта малады адорваў яе (Брэсц. павет).
У Мазырскім пав. пасля завівання маладой, якое адбывалася ў яе доме, завівальніца звязвала маладых поясам, які ляжаў каля каравая, і пакрывала іх наміткай. Раней перад П. яна здымала з галавы маладога шапку і надзявала яе на маладую, а яго галаву пакрывала шапкай, знятай з сябе. У Мінскім павеце маладых саджалі побач пад паліцай насупраць печы, а сястра маладой пакрывала іх белым палатном.
У гэты момант жанчыны адразу акружалі іх шчыльнай сцяной, прыўздымалі канец пакрывала з боку маладой, завівалі яе і хутка надзявалі ёй намітку (бачыць мужчынам адкрытую галаву замужняй жанчыны лічылася непрыстойным).
Потым бацька маладога здымаў пакрывала невялікім хлебам. У некаторых мясцовасцях пасля завівання маладую пакрывалі наміткай, якую малады павінен быў зняць, пацалаваць маладую і падняць яе з дзяжы.
Пасля гэтага іх ставілі побач, пакрывалі гэтай жа наміткай і вялі ў хату, дзе яны ў такім выглядзе кланяліся прысутным, здымалі з сябе пакрывала і клалі яго на галовы бацькоў.
Акрамя П. маладой вялікае значэнне мела і яе ўскрыванне, якое звычайна адбывалася ў хаце маладога: сустрэўшы нявесту першы раз, пакрывала з яе здымала свякроў, а пасля вяртання з клеці яе пакрывала здымаў палкай або смычком свёкар.
За гэта маладая адорвала яго кавалкам палатна (ручніком) і абвязвала поясам.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/18469
|