ВОЎНА, АВЕЧАЕ РУНО
У міфалогіі выступае як сімвал урадлівасці, часам атаясамліваецца з вобразам Сусветнага дрэва. У антычным міфе пра арганаўтаў фігуруе авечае руно, якое вісіць на дрэве ў свяшчэнным гаі і ахоўваецца драконамі.
Старажытныя грэкі прыносілі ў ахвяру Дэметры нямытую авечку В. У Афінах аліўкавую галінку абгортвалі авечай В., абвешвалі садавінай, посудам з мёдам і віном і неслі ў храм Апалона. У беларускіх паданнях звычайна апавядаецца, што выток ракі ці крыніцу ведзьма (чараўніца, шведка, цыганка і інш.) заткнула В. (мяшком В.).
У Верхаўлянах Бераставіцкага р-на, паводле падання, у крыніцы калісьці ўтапіўся сын ведзьмы. За гэта ведзьма заткнула крыніцу мяшком з В. У Поразаве Свіслацкага р-на ручай высах ад таго, што цыганка кінула ў яго выток жмут авечай В. і загадала больш не цячы.
Паводле беларускіх казак, пры абрадзе выклікання цудоўнага каня спальвалі В. трох колераў – шэрую, вараную і рыжую. Яшчэ ў хецкіх рытуалах разам згадваюцца змяя і В.
Згодна з беларускім і літоўскім фальклорам Змей, праціўнік Грамавіка, ляжыць каля каранёў трохчасткавага Сусветнага дрэва на чорнай В. У беларускіх замовах ад гадзюкі, вужакі, сліўня “змяя змяіная” ляжыць пад дубам на чорнай В.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/562
|