ЖАНІЦЕСЯ Ў “ЗІМОВЫ МЯСАЕД”, А СВАТАЙЦЕСЯ Ў ЧАЦВЕР
“Зімовы мясаед”. Закончыліся Каляды. Пачынаецца даволі адказны перыяд часу, які атрымаў у беларускім народным календары назву “Зімовы мясаед” і “Мясаедныя вяселлі”. Гэты перыяд часу будзе доўжыцца да Масленічнага тыдня, які, у сваю чаргу, пачнецца за восем тыдняў да святкавання Вялікадня. “Зімовы мясаед” — адзін з самых спрыяльных адрэзкаў часу для правядзення вяселляў.
* Пачатковай кропкай у развіцці шматдзённага і шматэтапнага вясельнага рытуалу з’яўлялася сватаўство. Сватаўство — гэта ўзважаны і асэнсаваны крок, перш за ўсё з боку бацькоў жаніха.
Яно заўсёды несла на сабе адценне нечаканасці, непрадказальнасці, магчыма, нават непрыемнай адмовы з боку бацькоў нявесты або яе самой. Таму да яго ста-віліся з вялікай ступенню адказнасці, старанна выбіралі час сяброўскага візіту і тых людзей, якія будуць браць у ім удзел. Па ўяўленнях нашых продкаў, самым спрыяльным днём для сватаўства лічыцца чацвер.
* Адной з галоўных фігур у падзеях і абрадах перадшлюбнага перыяду, а таксама ў рытуале самога вяселля з’яўляецца сват. Звычайна ім павінен быць чалавек за 40 гадоў, які мае сваю сям’ю і дзяцей, валодае пэўным грамадскім аўтарытэтам, мае здольнасць кіраваць ходам падзей і падтрымліваць неабходны рытм святочнай падзеі.
* Часцей за ўсё сватам станавіўся хросны бацька жаніха. Але мог быць і яго родны дзядзька, сябра бацькі, паважаны ў вёсцы чалавек (з улікам таго, што такому чалавеку цяжка адмовіць).
* Перад тым як выйсці з хаты, сват маліўся, чытаў замовы на поспех у справе. А калі заходзіў у хату нявесты, мог тройчы стукнуць пяткай левай нагі аб парог. Так ён звяртаўся да душаў продкаў за дапамогай. Пры гэтым сват ціхенька прагаворваў: “Яны маўчаць (маюцца на ўвазе продкі гаспадароў хаты) і вы маўчыце (г. зн. новыя гаспадары), слова супраць не кажыце”.
* Звычайна сват накіроўваўся “на заручыны” з боханам хлеба і пляшкай гарэлкі. Сватаўство лічылася паспяховым, калі напрыканцы вячэры маці будучай нявесты пачынала выконваць глыбока сімвалічны рытуал: у пустую пляшку, якую прынёс сват, яна насыпала зерне жыта, загортвала ў ручнік і вяртала госцю, што азначала: “Пасеянае зерне абавязкова прарасце новым коласам”.
Людзі сталага веку раілі: “Калі пойдзеце да будучай нявесткі ў сваты, няхай першым заходзіць сын. Шапку перад яе бацькамі не здымаюць, пакуль гасцей не запросяць за стол. Калі хтосьці з тых, хто прыйшоў у сваты, здолее знесці з хаты нявесты лыжку, то сын будзе ў хаце гаспадаром і жонка яго ніколі не пакіне. Калі пасля вяселля пройдзе тры месяцы, лыжку неабходна падкінуць назад — у хату нявесты”.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=18979
|