ВАЎКАМІР
Легендарнае паселішча, заснаванае легендарным высакародным рымскім шляхцічам, паплечнікам Палямона – Даўспрнгусам (герба Кітаўрас/Кітаўрус). Ён пайшоў далей за ўсіх спадарожнікаў Палемона на ўсход, яго валоданні распаўсюджваліся да ракі Вяллі.
На рацэ Швента ён заклаў замак – В. Хроніка Літоўская і Жамойцкая адзначае, што паходжанне назвы невядомае. Выразная славянская этымалогія назвы паселішча можа сведчыць пра славянскі элемент, які браў удзел у складанні міфа.
Можна выказаць меркаванне, што паданне магло ў міфалагічнай форме распавядаць пра ўсталяванне мірных дачыненняў паміж прышлымі людзьмі і мясцовымі жыхарамі.
Цікава, што на тэоыторыі Прыбалтыкі і Беларусі шмат міфалагічных паданняў аб людзях-ваўках (пачынаючы ад герадотаўскіх неўраў, якіх лакалізавалі ў вярхоўях Барысфена – Дняпра, і канчаючы паданнямі пра ваўкалакаў).
Адзін з легендарных літоўскіх князёў меў таксама імя Воўк. Цікавымі з’яўляюцца сведчанні падання аб дваістай, вертыкальнай структуры пабудовы Ваўкаміра. Адзін замак быў пабудаваны Даўспрунгусам на пагорку, а другі – унізе. Пазней такая ж структура сустрэнецца ў Вільні.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/352
|