ДЗЕДАВІЦА

ГРЭХ У СЬВЯДОМАСЬЦІ БЕЛАРУСАЎ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ГРЭХ У СЬВЯДОМАСЬЦІ БЕЛАРУСАЎ

    Таццяна Валодзіна, Вячаслаў Ракіцкі 08.04.2008 г. 1079

    (Вячаслаў Ракіцкі: ) “Грэх… Мы так часта чуем і гаворым гэтае слова, што разуменьне яго стала няпэўным і неканкрэтным. А калі мы ня верым у Бога і ня ходзім да храму, тады мы можам быць грэшнымі або не? І ці грэх, скраўшы, ісьці ў касьцёл, а адтуль наўпрост да каханкі? І ці зьмяняецца стаўленьне да граху з разьвіцьцём грамадзтва? Пытаньняў шмат. І хвалявалі яны ўжо многія пакаленьні людзей, і нават раней за тое, як сфармуляваў свае запаветы Бог”.

    (Тацяна Валодзіна: ) “Грэх — адно з вытворных паняцьцяў, што фармуюць сыстэму каштоўнасьцяў у грамадзтве, этычныя нормы і прынцыпы сацыяльных дачыненьняў як у хрысьціянскай, так і ў будзённай народнай традыцыі. Грэх можна разглядаць у мностве сваіх праяўленьняў: і як парушэньне сыстэмы забаронаў, і як нейкую матэрыяльную субстанцыю, якуя можна падлічыць, ацаніць і нават прадаць. Існуе праблема судачыненьняў граху як рэлігійна-этычнай катэгорыі і народнага сьветагляду, праблема сумяшчэньня сьвятых запаветаў з абрадавай практыкай”.

    (Ракіцкі: ) “Як разумелі грэх нашы продкі, як ставіліся да яго, якімі былі шляхі пазбаўленьня граху ці пакараньня за яго? Але найперш, наколькі супадаюць хрысьціянскае і народнае бачаньне самога граху?”

    (Валодзіна: ) “Народная мараль хрысьціянскае разуменьне граху пашырае і адначасна канкрэтызуе. З паведамленьня вялікага знаўцы Палесься Чэслава Пяткевіча, да вялікіх грахоў адносяцца наўмыснае забойства, пакалечаньне, зьнявага крыжу, клятвапарушэньне, падпальваньне і выдзіраньне пчолаў. Да вялікіх грахоў далучаюць таксама нанесеныя крыўды ў залежнасьці ад таго, як іх успрымае пацярпелы. Гэтаксама лічыцца грахом зьняважлівае стаўленьне да царквы і ўсіх яе атрыбутаў. Але ў забойстве канякрада, пчаладзёра, падпальніка граху няма. Да таго ж, якім бы грэшным ні быў чалавек, але калі ён быў гвалтоўна забіты, усе яго грахі пяройдуць на забойцу”.

    (Ракіцкі: ) “Што ж яшчэ дадае тут уласна народная традыцыя?”

    (Валодзіна: ) “Для народнай традыцыі грэх — парушэньне звычаяў і абрадаў. Прыкладам, стаўленьне да магіі. Чарадзейства, знахарства і самая вера ў іх магчымасьць, такія натуральныя ў народзе, грэх з гледзішча царкоўнага дагматызму. Грэх біць зямлю, пляваць на агонь, апаганьваць крыніцы — гэта агульнаславянскія запаветы, парушэньне якіх залічваецца да самых цяжкіх грахоў, ня меншых за вядомыя хрысьціянскія правілы”.

    (Ракіцкі: ) “А як раней ставіліся людзі да іншых хрысьціянскіх грахоў? Прыкладам, да ляноты, абжорства, гневу?”

    (Валодзіна: ) “Лянота ўспрымалася як абмежаваны недахоп, але ня грэх. Казалі нават: “усякая лянота ад Бога”. Гнеў жа, паводле народных усьведамленьняў, — сапраўды грэх, бо абцяжарвае сумленьне. А вось абжорства, на думку палешука, нават не існуе: той, хто шмат есьць, прадуктыўна працуе, “бо добры ядотнік — добры работнік”. Зашмат зьесьці ніхто ня зможа, бо “душа меру знае”. А калі хто на сьвята пераесьць, то ня грэх, бо “на тое Бог даў сьвята, штоб людзі елі, пілі і весяліліся”. “Хіба ж гордасьць грэх? Як чалавеку ўдасца даказаць славы, нацца зрабіць нешта разумнае к людзкаму, а хацьбы толькі к свайму дабру, або на абшчэськае дзіва, то чаму ж яму гэтым не гадзіцца? Што ж ён мае рабіць: выйці хіба на вуліцу да крычаць: — Людзі добрыя, я зраблю тое ды сёе, так ды сяк, ды йдзіце ўсе дай бійце мяне ў морду?!”

    (Ракіцкі: ) “Зь дзяцінства запомніліся мне засьцярогі бабулі не выкідваць нават скарыначкі хлеба. Яна казала — гэта грэх”.

    (Валодзіна: ) “Так, сапраўды беларусы спрадвеку лічылі вялікім грахом непаважлівае стаўленьне да хлеба. Абыходжаньне зь ім запаўнялася мноствам перасьцярогаў — нельга нядбала перасоўваць бохан зь месца на месца, грэх нават міжволі выпусьціць яго з рук. Жадаючы такога граху пазбыцца, трэба яго падняць, пацалаваць, тройчы перахрысьціўшыся. Хлеб ня можа ляжаць на стале, калі побач на лаве хтосьці сьпіць. Хлебам нельга забаўляцца, кідацца ім або барабаніць па ім пальцамі ці нажом. Грэх дакрануцца да хлеба нямытай рукой або есьці не памыўшыся”.

    (Ракіцкі: ) “На вёсках да сёньня прытрымліваюцца забаронаў працаваць у сьвяты — грэх, кажуць. Але чаму? Праца ж ніколі не была грахом”.

    (Валодзіна: ) “Па-першае, тут уплыў запавету не парушаць сьвяточнасьці сёмага дня пасьля стварэньня сьвету. “Нядзелю аддай Богу свайму”, — так у Запавеце. А ў народзе верылі, што гэта можа прывесьці да парушэньня прыроднай раўнавагі і сьветапарадку. Прыкладам, існуе строгая забарона працаваць на Благавешчаньне, калі нават “птушка гнязда ня ўе, дзеўка касы не пляце”. За парушэньне — Божая кара, прычым, пакаранымі могуць быць як людзі, так і жывёлы. Так, зязюля ня мае свайго гнязда, бо не паслухалася і працавала ў гэты дзень”.

    (Ракіцкі: ) “Атрымліваецца, што птушкі і жывёлы таксама могуць грашыць? У чым жа іх грэх?”

    (Валодзіна: ) “У жывёльным і расьлінным сьвеце таксама ёсьць свой крытэр граху. Прыкладам, вераць, што ўсе зьмеі на Ўзьвіжаньне адыходзяць у свой вырай. Але калі якая летам кагосьці ўкусіла, яе не прымаюць. У адчаі зьмяя шукае пагібелі, бо зямля яе не прымае, як не прымае і целы грэшнікаў-людзей.

    Самы папулярны матыў народных біблейскіх легендаў — гэта паводзіны расьлінаў і жывёлаў у час укрыжаваньня і пакутаў Хрыста. У судачыненьні зь імі хтосьці зь іх пачынае лічыцца грэшным ці нячыстым. Сярод грэшных расьлінаў і вольха, бо зь яе зробленыя цьвікі для ўкрыжаваньня, таму яе драўніна “чарвівая” і непрыдатная для будоўлі.

    За грэх непаслухмянства пакараныя воран і каршун. Воран стаў зь белага чорным, бо ня выканаў даручэньня Ноя і ў пачатку сьвету ня стаў дапамагаць Богу капаць і прачышчаць крыніцы. Вобраз асіны зьвязаны з матывам самага вялікага грэшніка між людзей — Юды, што прадаў свайго Настаўніка.

    “Асіна заўсёды з таго шуміць, што як Юда хацеў вешацца, то ўсе дзеравы не даваліся, бо шумелі, адно яна не шумела, то ён на ёй павесіўся. Толькі яна зьмілавалася над Хрыстапрадаўцам.

    Затым-та яна і досі дрыжыць, бо яе Бог етак заклеймаваў. Асіна — чарцям ды ведзьмам дружына. З асіны няможна нічога ставіць, ані ў грэблю класьці, бо чорт зараз і прычэпіцца, а штоб у сьцену пакласьці асінавае бервяно, то й сам Бог не вялеў”.

    (Ракіцкі: ) “А якім чынам (акрамя малітваў, вядома) грахі замольвалі, за што чакалася прабачэньне?”

    (Валодзіна: ) “Верылі, што ўсіх грахоў пазбаўляюцца і ідуць адразу ў рай жанчына, што памерла ў родах, ды той, каго забіў пярун, бо разам з такім чалавекам аказаўся зьнішчаным і нячысьцік. Але гэта надта трагічна.

    Выбачаюцца грахі і тым, хто стане забіваць зьмеяў, бо яны нібыта смокчуць сонца. Калісь казалі, за адну забітую зьмяю Бог даруе чалавеку дванаццаць грахоў, а за дванаццаць зьмеяў, забітых у адзін дзень, нават вялікаму грэшніку даруюцца ўсе грахі”.

    (Ракіцкі: ) “Несумненна, паняцьце граху непарыўна зьвязанае з такімі маральнымі катэгорыямі, як сумленьне і асабліва сорам. Што аб гэтым кажа наша традыцыя?”

    (Валодзіна: ) “Людзкія заганы, грэх, як на тое паказвае і наша мова, зацямняюць, засьляпляюць чалавеку вочы, нездарма мы кажам — ат страму глазы лупаютца; у сабакі вачэй позычыўшы.

    Цікава, што эвангельская прыпавесьць пра сучок і бервяно ў воку апавядае ня толькі пра грахі як пра прычыну скажэньня ўспрыманьня, але й пра матэрыяльную канцэнтрацыю грахоў менавіта ў вачах.

    “Як чалавек зроду, ня быўшы ласым на чужое дабро, падасца чорту да нешта ўкрадзе, хаць невялічкае, дабярэцца да чужое жонкі або іншую якуюсь напасьць адколе каму-небудзь, то хаць бы ён, апомніўшыся, як каяўся, то яго вока ўся-такі будзе запарушано; бывае, што людзі і выбачаць віну, а пра тое грэшнік чуе ліхія парушынкі ў вачах.

    Есьцека і такія вочы, што, маўляў, дыму не баяцца; не баяцца не то парушынкі, дай цэлае жмені сьмецьця”.

    (Ракіцкі: ) “А якім бачылі людзі пакараньне за грахі?”

    (Валодзіна: ) “Згодна з народнымі ўяўленьнямі, пакараньне за грэх спасьцігае чалавека адразу і часьцей мае канкрэтны, нават фізычны характар. Звычайна кара судачыняецца з самім грахом — хтосьці тапіў лазьню ў сьвята, там атрымаў значныя апёкі, забіваў калы да Дабравешчаньня — будзе засуха.

    Распрацаваная і цэлая сыстэма расплаты за грахі на тым сьвеце — у пекле. І там за грахі аддаецца адпаведным. Прыкладам, п’яніца п’е смалу; хто біўся, таго чэрці сякуць лазіною, а ён сам вошы б’е, б’е-б’е, дый невядома адкуль яны бяруцца.

    Брахун будзе хадзіць з высалупленым языком і зьвязанымі назад рукамі, а за язык будуць кусаць авадні і мухі”. “У Бога ўсе нашыя грахі і добрыя ўчынкі запісаны, і хоць на гэтым сьвеце хто ня ўмее чытаць і пісаць, то Бог так дасьць, што на страшным судзе кажды ўмецьме і мусіцьме на голас усё перачытаць перад усімі, і тады Бог скажа, што ён за гэта заслужыў: ці пекла, ці неба”.

    (Ракіцкі: ) “Словам, кожны пацерпіць за зробленае. І хаця ў прыказках можна сустрэць — “Грэх у мех, а сам наверх”, табе тут жа запярэчаць — “Грэх не схаваеш у мех, ня ўтопчаш у балота”. Тым больш, што кожны з нас і нараджаецца ўжо грэшным, бо мае ўнутры сябе грэх. Хай сабе ня свой, але грэх першародны. Але пра гэта наступным разам”.

    Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/hrech_u_sviadomasci_bielarusau.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz