БАНЯ
Прызначаная для мыцця пабудова. Як нежылое памяшканне Л. пазбаўлялася такіх адзнакаў чалавечай прасторы, як абразы, свечкі і падобныя ім атрыбуты, і таму належала да месцаў патэнцыйнай прысутнасці чужога і варожага. На думку А. К. Байбурына, сувязь Л. з негатыўнымі ўяўленнямі тлумачыцца перш за ўсё тым, што Л. у народнай свядомасці асэнсоўвалася як месца сутыкнення, барацьбы дзвюх стыхій – стыхіі вады і стыхіі агню, спалучэнне якіх можа прывесці да цяжкіх вынікаў (параўн. забарону піць ваду ў Л.).
Невыпадкова, што Л. як “нячыстая” пабудова звычайна месціцца не побач з домам ці хлявом, а на мяжы сялібы. У вераваннях Л. апекаваў свой асобны дух – Лазнік, лазеншчык, баннік, істота помслівая і агрэсіўная. У беларусаў існавала сістэма “этыкетных” правіл паводзінаў у Л.: пры ўваходзе прамаўлялася формула: “Хрышчоны – на палок, нехрышчоны – з палка”, пры выхадзе: “Табе, баня, не стаянне, а нам – на здароўе”.
Паводле народных уяўленняў, “у Л. … кажан раз пасля людзей чэрці мыюцца”. Разам з тым прысутнасць у Л. чалавека, утылітарная прагматыка не дазвалялі адназначна далучыць Л. да чужой, варожай тэрыторыі. Л. станавілася маргінальнай зонай, месцам кантакту з іншасветам і таму найбольш зручнай прасторай для чарадзейства, магіі, варажбы.
У Беларусі варожбы ў Л. замацаваныя пераважна за Масленкай: дзяўчаты, задраўшы спадніцы, станавіліся да акна і чакалі знака ад “банніка” – калі ён дакранаўся голай рукой, гэта прадвяшчала беднага жаніха, калі калматай – багатага. Менавіта ў Л. моладзь збіралася для калектыўных, гульнёвых дзеяў (гл. у прыпеўцы: “Цецярук, цецярук, хадзі ў баню мыцца.
- Не пайду, не пайду, будуць дзеўкі біцца.
- Цецярук, цецярук, хадзі ў баню парыцца.
- Не пайду, не пайду, дзеўкі сваруцца”.
З ліку каляндарных абрадаў, у якіх задзейнічана Л., вылучаецца Купалле: дзяўчаты ў Л. пралі левай рукой лён і спрадзенымі ніткамі пераблытвалі вуліцу – у такой нітцы заблытаецца карова вясковай чараўніцы.
Такім чынам, Л. – месца далучэння чалавека да іншага свету (нездарма і Баба Яга героя поіць, корміць і ладзіць для яго Л.). Але перш за ўсё Л. – локус для рытуалаў пераходнага характару, ініцыяльных абрадаў.
Таму Л. тапілася ў пераломныя, вызначальныя моманты жыцця чалавека – яна станавілася месцам ізаляцыі парадзіхі ў час родаў і пасля іх; пераважна ў рускіх рытуальнае наведванне Л. уваходзіла ў вясельны комплекс, і, нарэшце, Л. рыхтавалі перад кожнай памінальнай вячэрай.
У Мінскай губерні Л. лічылася неабходнай напярэдадні саракавога дня пасля смерці гаспадара: для памерлага на акне клалі адзенне, ручнік, пакідалі венік і мыла. Ініцыяцыйны характар мыцця ў Л. адлюстраваны ў казачным сюжэце пра падчарку і чорта. У аснове медыцынскіх рытуалаў, якія адбываліся ў Л., ляжыць той жа ініцыяльны матыў “смерці-ўваскрэсення”.
Зыходны ж сэнс лазневай “свяшчэннадзеі”, на думку вучоных, звязаны не з мыццём (стыхія вады), а з параннем – “выпяканнем” у агні печы, калі лазенныя рытуалы могуць быць супастаўленыя з тэхналогіяй кавальства.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1
|