ВАЛХВЫ
У перыяд Кіеўскай Русі назва паганскіх святароў. Можна меркаваць, што В. да прыняцця хрысціянства складалі спецыяльную карпарацыю, якая займалася рэлігійнымі справамі і падтрымлівалася дзяржаўнымі ўладамі. Накірункі дзейнасці В. былі вельмі разнастайнымі, пра што сведчаць летапісы, якія прыгадваюць вяліку колькасць розных “ спецыялізаваных” катэгорый В.: вешчуны, кобнікі, кашчуннікі, чараўнікі, ведуны, баяны, воблакаразгоннікі і т.п.
Сустракаем у крыніцах і жаночыя спецыяльнасці: чараўніцы, ведзьмы, чарадзейкі, навузніцы ды інш. В. выконвалі шырокае кола рэлігійных абавязкаў. Яны адпраўлялі культы славянскіх бостваў, з чым было звязана і прынясенне ахвяраў на пашану гэтым багам, у тым ліку і чалавечых. В. павінны былі назіраць і за каляндарна – астранамічнымі зменамі.
Мы ведаем, што ў славянаў у дахрысціянскую эпоху ўжо існаваў дастаткова развіты каляндар, звязаны з паганскімі рэлігійнымі ўяўленнямі. Вялікую ролю ў ім гралі рэлігійныя святы, прымацаваныя дарозных каляндарных перыядаў і з’яваў. Займаліся В. і “карэктаваннем” надвор’я, напрыклад падчас прыродных бедстваў.
Ніводная вялікая справа ў славянскіх плямёнаў не пачыналася без правядзення спецыяльных абрадаў варажбы, прадказання будучыні, што займала немалое месца ў дзейнасці паганскіх святароў. Значную ролю ў грамадстве гралі В., якія займаліся знахарствам, ведаўством, лячэннем розных хваробаў. З дзейнасцю В. была звязаная і паэтычная творчасць у Кіеўскай Русі.
Можна меркаваць, што менавіта яны былі складальнікамі і спевакамі эпічных і былінных твораў, дзе добра адчуваецца сусвет паганскіх багоў. Пасля прыняцця хрысціянства ў 988 – 989 гг. Хрысціянскі клір і прадстаўнікі княскай улады пачалі шырокія ганенні на В. Але яшчэ на працягу XI – XIII стст. Было шмат прыкладаў уплыву іх на народ, з імі ідзе няспынная барацьба, аб чым прыгадваюць пісьмовыя крыніцы.
Асабліва часта гэта адбывалася на далёкіх ускраінах, але ёсць прыклады адкрытай дзейнасці В. і ў сталіцах княстваў. Напрыклад, В. даюць парады пры нараджэнні полацкага князя Ўсяслава Чарадзея (блізу 1029 – 1101), які, дарэчы, як сведчыць летапіс, нарадзіўся “ад валхвання”, а ў былінах называецца Вольхам Усяславічам.
Паступова назва “валхвы” знікае са старонак гістарычных крыніц. Але ж дзякуючы дастаткова талерантнай рэлігійнай палітыцы ў Вялікім Княстве Літоўскім, а да гэтага нейкі час і ў Полацкім Княстве, паганскія капішчы і святары захоўваліся яшчэ даволі доўга.
У Тураве запісана паданне “Пра папа ідальскага”, дзе апавядаецца пра святара ў свяцілішчы каля горада, які дапамагаў хворым людзям, пакуль князь не забараніў шанаваць паганскіх багоў.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/272