ЛЕСУНЫ
Лесуны — гэта Духі, што рассяліліся ў лясных гушчарах. У кожнага ёсць свой участак. Абсяг дзейнасці Лесуна — уся лясная плошча ад узлеску да ўзлеску, з усімі ўзгоркамі, нізінамі, ярамі і палянамі, за выключэннем вадаёмаў, дзе гаспадарыць Вадзянік-Кожны Лясун пільнуе, аглядае свой участак, і не абыходзіцца без таго, каб не адбывалася спрэчак і боек між уладальнікамі суседніх участкаў.
Жыве Лясун у матачніку — сярэдзіне пушчы, недаступнай для звычайнага смяротнага. Матачнік акружаны непраходным лесам, завалены ламаччам, акрамя таго, вакол яго багністыя балоты, якія не замярзаюць і ў самыя суровыя зімы. Там і жыве Лясун са сваімі звярамі і птушкамі. Усе буйныя звяры туды ідуць паміраць.
Толькі яны ведаюць патаемныя сцежкі, па якіх можна дабрацца да матачніка. У глыбіні тэрыторыі, што падуладная Лесуну, знаходзіцца яго дом, дзе жывуць яго жонкі і дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць — больш вандруе. Адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэў, у дуплах, густых зарасніках, у ламаччы, бураломах.
Хоць Лясун здольны прымаць розныя абліччы, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часцей за ўсё ён паўстае ў вобразе старога. У яго белы, як бяроста ці як воск, ніколі не загарэлы твар з вялізнымі цьмянымі вачыма свінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя і ніколі не закрываюцца.
Галава яго ўся ў доўгіх кучарах і нагадвае вершаліну хвоі; на вялізным тулаве звярыныя скуры — воўчыя і мядзведжыя — поўсцю наверх. Рукі і ногі ў яго тоўстыя і моцныя, як ствалы дубоў. Вочы гараць, як у ваўка ці савы. У час абыходу сваіх уладанняў Лясун «ржэць», рагоча, калі вясёлы; ваўком вые, калі сумны; рыкае, як мядзведзь, калі злосны, а часам дзіка вішчыць.
Ён пляскае ў далоні, і ад гэтага трэск ідзе па лесе. Гэтыя дзікія гукі, смех, свіст, плясканне, шалёныя крыкі чуваць далёка і наводзяць на людзей жах. Лясун — звярыны пастух, таму ў руках у яго доўгая пуга. Жыхары лясных мясцовасцяў бачаць яго даволі часта, але яшчэ часцей чуваць, як ляскае яго пуга і як ён крычыць на звяроў: го-го-го-го-го!
Калі Лясун разгульвае па сваіх уладаннях, яго суправаджаюць зграі звяроў і чароды птушак, асабліва совы, пугачы, вароны і сарокі. Наперадзе яго бягуць вавёркі, Зайцы, сарны і іншыя звяры; у паветры ляцяць цецерукі, курапаткі і іншыя птушкі. Але як толькі Лясун выходзіць з лесу, ён меншае да памеру карліка, і адразу з палёў і лугоў падымаюцца матылі цёмнай хмарай. На лузе ці на полі — ён роўны з травой і былінкай.
Лясун — пярэварацень, ён мяняецца ў росце і прымае разнастайныя абліччы. Ён можа з'яўляцца людзям у выглядзе звычайнага сівенькага дзядка ў белым адзенні; яго можна пазнаць па тым, як ён хутка расце, аддаляючыся ад чалавека, і робіцца веліканам. З'яўляецца Лясун і дзядулем, і красой-дзяўчынай, і: прыгожым мужчынам, і зверам, і птушкаю.
Заманьвае падарожнікаў за сабою ў непралазны гушчар лесу, адкуль цяжка выбрацца. Лясун здольны перадаваць галасы ўсіх жыхароў свайго краю — ад мядзведжага рыку да піску камара. Калі ж ён падае свой уласны голас, голас нябачнай істоты, то ці глушыць чалавека, ці лашчыць пяшчотным шэптам.
Але якім бы ні быў гэты голас, вопытны слых пачуе ў ім дзікія пералівы, злоснае павіскванне Духа. Лесуна можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак мяркуемага шляху ці апранеш на ўзлеску адзенне навыварат. Калі гэта не зроблена, Лясун адразу падступаецца да ахвяры і зласліва цешыцца з яе пакут, збіўшы з належнага накірунку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў.
Калі ж ахвяра страціць усялякую развагу і даходзіць да адчаю, Лясун злосна рагоча, і яго рогат чуваць за вёрст сорак па акрузе. Часам па ранейшай дамоўленасці з Вадзяніком ці Балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, у іх уладанні, нягледзячы, што іншым разам Лесуны і Вадзянікі — непрымірымыя ворагі, прычым Вадзянік заўсёды першы напаскудзіць Лесуну. Дзеля нейкай мэты Лясун можа быць прыцягнуты чалавекам на службу. Робіцца гэта асаблівым заклікам у Купальскую ноч.
Той, хто выклікае, становіцца на асінавы пень, тварам на поўнач і кліча так: «Акажыся не ваўком-зверам, не воранам-птушкаю, не дрэвам іглістым, а такім, як я сам!» Лясун адразу паўстане ў чалавечай постаці і, згаджаючыся на здзелку, патрабуе за будучую працу адну толькі душу таго, хто выклікае.
Лясун надзейна і аддана служыць таму, хто яго паклікаў: гоніць яму дзічыну, дапамагае знаходзіць борці, ягадныя і грыбныя мясціны, падказвае месцазнаходжанне скарбаў і ўсяляк адводзіць шкоду сапернікаў, якіх прымушае блукаць падманнымі шляхамі, пужае лютымі звярамі. Лясун помсціць чалавеку, калі той часта і без патрэбы згадвае яго імя ці выпадкова перайшоў яго любімую сцяжынку.
Калі Лесуну не ўдаецца помета ў адносінах да чалавека асабіста, ён адпомсціць яму пагібеллю той ці іншай свойскай жывёлы, якая трапіць у лес. Лесуны зводзяць дзяцей, якія зняважылі маці і праклятыя ёю апоўдні. Лесуны зносяць пераважна хлопчыкаў, Лесавіхі — дзяўчынак. Зведзеныя Лесунамі Дзеці пасля вяртання дадому з цяжкасцю прывыкаюць гаварыць і дзічацца людзей.
Лесуны самі выносяць іх і кідаюць на тое месца, адкуль узялі. Жанчын Лесуны зводзяць больш свавольных, якія кепска жывуць са сваімі гаспадарамі. Вяртанню ўкрадзеных Лесунамі людзей садзейнічаюць ахвяраванні. Іх кладуць на скрыжаваннях дарог, дзе збіраюцца Лесуны.
Ахвяраю можа служыць кавалак сала, гаршчок з кашай, хлеб з соллю, а то жанчыны напякуць бліноў ці пірагоў, загорнуць з соллю ў чыстую анучку, перавяжуць чырвонай нітачкай, занясуць усё гэта ў лес і пакладуць на скрыжаванні лясных дарог. Лесуна часта просяць вярнуць жывёлу, што заблудзілася ў лесе.
Гаспадар згубленай жывёлы кладзе на лясным раздарожжы дзесятак яек, кавалак сала, бохан хлеба і становіцца да ахвяраванага спінай. Чарадзей абыходзіць яго і заклінае Духаў рознымі галасамі, пасля чаго гаспадар, не паварочваючы галавы, вяртаецца назад дадому. Да свойскай жывёлы Лясун не мае варожасці, ён добра ставіцца да сабак, якім ахвотна дазваляе бегаць па лесе ў любы час.
Калі ж ён заманьвае ў лес і губіць там якую-небудзь свойскую жывёліну, то робіць гэта толькі таму, што шукае выпадку, каб адпомсціць якому-небудзь гаспадару ці даць узбагаціцца свайму апекуну. Што трэба рабіць, калі заблудзішся, калі абыдзе цябе Лясун або сам патрапіш на яго жытло ці наогул адурманіць нейкі лясны
Дух? Пераапрані што-небудзь з адзення навыварат, разуй левую нагу і абуй правую, выверні шапку ці павярні яе брылём назад. Ці прыгадай, што напярэдадні Новага года вараць свіную галаву. Усімі гэтымі сродкамі ты не дасі Лесуну паздзекавацца з сябе. Лясун часам прымае самы жывы і непасрэдны ўдзел у справах чалавека — ён закалыхвае хворае дзіця, каб супакоіць схіленую над ім маці і даць ёй адпачыць.
Лясун прадбачыць будучыню, і яму наперад вядомы лес чалавека; іншы раз ён з'яўляецца ў ролі прадказальніка. Ёсць у Лесуноў і дзеці, а некаторыя нават бачылі іх: ляжаць яны, голыя, у люльках, падвешаных да галін елкі ці хвоі. Звышнатуральныя веды і багацце атрымліваюць ад Лесуна тыя, хто зробіць якую-небудзь паслугу яго дзецям, накрые іх, калі знойдзе ў лесе голых.
Хто ўбачыць Лесавіху ў час родаў, той павінен што-небудзь накінуць на ёю народжанае дзіця і адразу ж пайсці. Лесавіха пойдзе за гэтым чалавекам і ўсё будзе пытацца, што яму трэба: золота ці добрага жыцця. Хто папросіць у яе золата, то яна адразу ж насыпле яму цэлы прыпол. Але пры выхадзе з лесу золота ператворыцца ў вуголле.
А хто будзе гаварыць, што яму нічога не трэба і не возьме таго золата, той усё жыццё будзе мець поспех ва ўсіх сваіх справах. Таму народ кажа пра таго, хто жыве ў багацці, што, напэўна, ён бачыў Лесавіху ў час родаў. Толькі шчаслівы чалавек можа бачыць Лесуна і Лесавіху, апранутымі ў добрае адзенне.
Хто ўбачыць Лесуна ў дрэнным адзенні, таму не будзе шчасця. Мужчыны, убачыўшы Лесавіху і пачуўшы яе голас, пачынаюць сумаваць і худнеюць. Ад Лесуна і Лесавіхі нараджаецца пачварная істота, вельмі мала падобная да сваіх бацькоў і вельмі ненажэрная. Для іх такое дзіця з'яўляецца цяжарам, і яны імкнуцца падмяніць яго чалавечым дзіцем, якога адразу ператвараюць у Лешага.
Сапраўднае Лешаня застаецца ва ўяўных бацькоў гадоў да адзінаццаці і потым хаваецца ў лесе, адкуль нябачна для выхавацеляў плаціць ім рэчыўнай падзякаю. Дакрананне грамавой стралы да такога паўлешука ператварае яго, як і кожнага Лешага, у раз'юшанага лютага драпежніка — мядзведзя, ваўка, рысь, арла, якія да канца свайго жыцця шукаюць магчымасці загубіць чалавека.
Часам Лясун уступав ў сумеснае жыццё з жанчынаю, якую ён трымае ў лясных сховішчах, не паказваючы сваім суседзям-Лесунам, Вынікам такога сумеснага жыцця з'яўляецца дабрадзейнае Лешаня, бескарыслівы слуга людзей, чаго, аднак, сам бацька і іншыя Лесуны не дапускаюць, а пры яўнай упартасці Лешаняці губяць яго.
Лясун вечна варагуе з паляўнічымі, усяляк адводзіць іх убок ад дзічыны і наогул збівае з дарогі. Але да выпадковых наведвальнікаў лесу ен ставiцца лагодна, выводзіць іх на дарогу і нават дзеліцца хлебам. Лесуны не баяцца маразоў і застаюцца ў лесе на ўсю зіму. Наадварот, у моцную сцюжу яны больш чым калі палохаюць і наводзяць жах на людзей. Некаторыя нават ператвараюцца ў Духаў зімовых завірух
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/86.htm