НЯДОБРЫЯ ДУХІ ХАТЫ
У сялянскую хату імкнуцца залезці і Нядобрыя Духі, якія наносяць вялікую шкоду гаспадарам і гаспадарцы. Сярод такіх Духаў часцей сустракаюцца Злыдні — малыя, гарбатыя, скурчаныя стварэнні ў вялізных ботах і шапках.
Час ад часу яны нападаюць на хату, і тады там ужо нічога не вядзецца. Прабраўшыся ў хату, Злыдні звычайна жывуць пад печчу. Адтуль яны робяць выправы па ўсёй гаспадарцы і шкодзяць.
Заглядваюць у гаршкі з ядою, падсыпаюць у кашу пяску, у самае тлустае малако наліваюць вады, псуюць у дзежцы хлеб, у курэй крадуць яйкі. Злыдні шкодзяць і перашкаджаюць усім, так што хата, у якой яны пасяліліся, бяднее і галее. Злыдні пранікаюць у хату без прычыны.
Але іх можна таксама наклікаць — непамерным жаданнем разбагацець ці празмернасцю ў працы. Калі, напрыклад, нехта ў час яды працуе, можна з упэўненасцю сказаць, што Злыдні нападуць на яго. Злыдні цяжка паддаюцца выгнанню.
Нездарма ж беларусы кажуць пра іх: «Прасіліся Злыдні на тры дні, а ў тры гады не выжывеш». Каля дарог звычайна туляецца Бадзюля. Бліжэй да зімы яна пачынае выглядаць, дзе б і да каго ёй прыладзіцца. Выбраўшы ахвяру, ідзе за тым чалавекам следам, каб пасяліцца ў яго хаце.
Вось тады для небаракі-гаспадара і пачынаюцца ўсялякія прыкрасці. То гэта не так, то тое, і ўсё з рук валіцца. 3 гора і адчаю чалавек пачынае піць, спускаючы на вецер гадамі нажытае, мазалём напрацаванае.
А Бадзюля толькі таго і чакае, калі чалавек усё растрасе ды сам па свеце пойдзе. I пачынае чалавек валацужнічаць, не прыжываецца на адным месцы. Каб прагнаць Бадзюлю, трэба чыста вымесці і вымыць у хаце. Усё гэта лепей рабіць збытнымі днямі, а брудную ваду выліць на захад сонца.
Тады, кажуць, можна ўвачавідкі ўбачыць Бадзюлю, як тая ўцякае: з перапуду яна забывае схаваць свае аблічча. Тады можна разгледзець яе. Гэта немаладая жанчына з вялікімі па бруха грудзьмі. На ёй няма ніякага адзення, толькі брудная падраная посцілка, якая амаль не прыкрывае парэпанага струплівага цела. Твар Бадзюлі непрыгожы: пукатыя вочы, кароткі шырокі нос, тоўстыя адвіслыя губы.
Валасы збітыя ў каўтун. Без дазволу гаспадароў пасяляецца ў хаце Сербай — Дух увасаблення голаду. Дзеля таго каб прагнаць Сербая, трэба зажаць першы сноп і прынесці яго ў хату. У раскіданай якой-Небудзь хаціне жыве Меша — Дух, які мае выгляд нейкай калматай жывёліны невялікага росту, чорнага колеру.
Гэта — Нядобры Дух, але пазбаўлены Кадуком сілы шкодзіць людзям, тым самым асуджаны на пакуты. Меша шкоды нікому не робіць, а толькі часам палохае прахожых. Часам Меша прабіраецца ў жылы дом. Тут яго прытулкам бывае падпечак, дзе ён і харчуецца хоць чым.
Уночы ён выпаўзае з-пад печкі і нярэдка, пасябраваўшы з хатнім сабакам, спіць з ім на падлозе пасярод пакоя. Удзень ён не паказваецца. Пасяленне Мешы ў якім-небудзь жылым доме лічыцца няшчасцем.
Мешу ведаюць амаль па ўсёй Беларусі. Яго імем нянькі палохаюць дзяцей. (Беларуская міталогія).
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/54.htm
|