ПАГОНЯ
Герб Вялікага Княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага, згадваецца ў летапісных крыніцах з XIII ст, герб Беларускай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь да 1995 г., з якім звязваецца шэраг сімвалічных значэнняў і старажытных міфалагічных уяўленняў.
Адно з першых яго апісанняў дае “Хроніка літоўская і жамойцкая”: “Тот Наримунт мел герб або клейнот рицерства своего таковый, им и печатовался, Великому Княству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червонном, меч голый, якобы кого гонячы держал над головую, и есть оттоля названы погоня”.
Выява П. змяшчаецца на пячатцы вялікага князя літоўскага Міндоўга, каранаванага потым на караля літвы, сталіцай якога быў Наваградак (фальклорны Ноўгарадак), на многіх іншых пячатках.
Густынскі летапіс прыпісвае акцыю стварэння герба іншаму князю: “В лето 6786 (1278 г.) … Витен нача княжити над Литвою измысли себе герб и всему княжеству Литовскому печать: рыцер збройны на кони з мечем, еже ныне наречут Погоня”. Аднак маюць рацыю тыя гісторыкі, якія лічаць, што такі герб мог існаваць значна раней за час, які пазначаны ў летапісах.
Сімвалы такога роўню канцэнтрацыі зместу не ствараліся раптам і на пустым месцы. Яны грунтаваліся на стражытных традыцыях, істотных уяўленнях, міфалогіі і таму былі зразумелымі грамадству, што дазваляла праз іх праводзіць ідэі грамадскага ладу, устойлівасці дачыненняў, пераемнасці звычаяў.
У выпадку з П. яе пашырэнне і агульнанароднае ўспрыняцце абапіраліся як на традыцыйныя ўяўленні, так і на відавочныя задачы часу, задачы, што ставіла жыццё перад новай славяна – балцкай дзяржавай, якой суджана было пад гэтым знакам заняць годнае месца ў гісторыі Еўропы.
Сама беларуская назва П. адлюстроўвала рэаліі таго часу: наша радзіма, усё яшчэ верная боствам прадзедаў, абаранялася ад бясконцых наездаў з захаду рыцараў – крыжакоў (больш за 140 наездаў адбылося да пераломнага 1410 года, знакамітай перамогі пад Грунвальдам) і крымскіх татараў з поўдня.
Неабходнасць паўставаць на абарону роднай зямлі ўсім грамадствам была відавочная. Такое становішча тлумачыць велікакняскі ліст да грамадзян ад 20 лютага 1387 г., у якім гаворыцца: “Згодна са старадаўнім звычаем, ваенны паход з’яўляецца абавязкам, які выконваецца за кошт уласных маёмасці і сродкаў.
У тым выпадку, калі ўзнікае неабходнасць пераследваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б уцякалі з нашай зямлі, то ў пераследзе такога кшталту, якое па – народнаму завецца пагоняю, павінны ўдзельнічаць не толькі рыцары, але і кожны мужчына, які можа насіць зброю, якога б ні быў паходжання і стану”.
Такім чынам, народны звычай ладзіць пагоню за ворагамі – наезнікамі даў назву і ідэю дзяржаве, аб’ядноўваючы агульнай мэтай і задачамі ўсе станы грамадства. І ўсё ж выява збройнага конніка – рыцара – першапачаткова знак таго стану грамадства, які прафесійна займаўся вайсковай справай і кіраўніцтвам (ваяры, князі і да т. п.).
Сам конь быў высока цанёнай жывёлай, найперш неабходнай для перамог у бітвах, а як ахвярны атрыбут ён займаў другое месца пасля чалавека. Дзеля сакральных мэтаў звычайна выбіралі белага каня (прыгадаем белага каня бога Светавіда на востраве Руген ды інш.).
Фальклор малюе вобразы прадстаўнікоў панавальных класаў, падаючы іх як уладальнікаў выдатных коней, найчасцей варваных у багатым уборы: валачобныя песні зычаць “слічнай паненцы жаніха, што з коніка не ссядае, перад крулем шапкі не знімае”.
Глыбокае значэнне мае спалучэнне колераў у П. – на чырвоным шчыце белы коннік. Гэтыя два колеры ўзяты з асноўнай колернай трыяды – белы, чорны, чырвоны. Ужо індаарыі мелі колернае вызначэнне сваіх асноўных станаў: святары – брахманы мелі сваім колерам белы, воіны і князі (кшатрыі) – чырвоны, земляробы ды іншы свабодны люд (вайш’і) – сіні.
Сіні, відаць, быў раўназначны чорнаму, менавіта трыяда – белы, чорны, чырвоны – характэрна для беларускай традыцыі. Калі браць пад увагу відавочную апазіцыйнасць белага і чорнага як святла і цемры, дня і ночы, “гэтага” і “таго” свету, дабра і зла, чысціні і бруду і да т. п., то чырвоны колер можна зразумець як колер жыцця (крыві) у гэтым біпалярным свеце.
Хоць супрацьпастаўляцца могуць таксама белы і чырвоны колеры (чырвоны – Сонца, агонь, золата, жанчына, кроў; белы – Месяц, серабро, вада, мужчына), аднак абодва яны могуць сімвалізаваць адну з’ву, утвараць разам жыццёвую пару (мужчына – жанчына, напрыклад). У беларускім фальклоры дзяўчына заўсёды “красна”, а малойчык – белы (“бел малойчык”).
Выкарыстанне колераў асноўнай колернай трыяды, вылучэнне асобных з іх адрозніваецца ў традыцыях нават блізкіх, сваяцкіх народаў. Латышская даследніца Мірдза Абала адзначала, што “ўсё бязмежна добрае, прыгожае, любае, высакароднае ва ўсведамленні латышоў спрадвеку асацыюецца з іх самым улюбёным колерам – белым.
Добра тое, што белае, чыстае”. Слова “балт” азначае “белы”. Беларусам і балтам па вызначэнні павінен падабацца белы колер. Аднак, усведамляючы непадзельнасць свету, беларусы разумеюць неабходнасць і чорнага колеру ( у народнай песні кароль, што выбраў чарнявую (“чорну малую”) дзяўчыну, не заўважыўшы “белу й румяну”, тлумачыць свій выбар тым, што “на чорнай зямельцы жыта родзіць, мая жоначка сынкі водзіць”, падаючы чорны колер як колер урадлівасці.
Белы і чырвоны колеры П. можна разумець як спалучэнне чысціні, святасці радзімы і моцы жыццёвай сілы, спалучэнне жаночага і мужчынскага пачаткаў, разам з тым яно можа сімвалізаваць і два верхнія станы грамадства і рыцарства як сакралізацыю дзяржаўнай улады.
Гэтае спалучэнне адпавядае архаічным вылучэнням сімвалічных як працягу традыцыі індаеўрапейскай – перавага белага колеру ў вопратцы з уключэннем арнаментыкі ў чырвоным і чорным колерах. Колерная сімволіка П. падмацоўваецца і/ці расшыфроўваецца нацыянальным бел – чырвона – белым сцягам, злучаючы дзяржаўныя сімвалы з архаічнай народнай традыцыяй, што робіць іх вельмі глыбокімі і незнішчальнымі.
Крыніца: http://www.rv-blr.com/dictonary/view/3813