ДЗЕДАВІЦА

«ПЕРШ ЧЫМ САБЕ – ПРОДКАМ»
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 52
    Гасцей: 52
    Карыстальнікаў: 0

    «ПЕРШ ЧЫМ САБЕ – ПРОДКАМ»

    Адным з асноўных кампанентаў беларускіх народных святаў з’яўляецца глыбокая павага да сваіх каранёў, да тых, хто стаяў каля вытокаў нашага Роду. З цягам часу сфарміраваўся комплекс уяўленняў, у цэнтры якога аказаўся культ продкаў, які рэалізоўваўся праз выкананне спецыяльных абрадаў.

    І ўсё ж, нягледзячы на тое што ўшанаванню памяці памерлых знаходзілася самае пачэснае месца ў кожным святочна-абрадавым комплексе, у традыцыйным календары беларусаў былі два перыяды сакральнага часу, у кантэксце якіх ушаноўванне памяці памерлых з’яўлялася самай галоўнай падзеяй.

    З аднаго боку, гэта час паміж Вялікаднем і Тройцай – «веснавыя памінкі» з выразным акцэнтаваннем на першых дзевяці (!) паслявелікодных днях і абрадавым эпіцэнтрам на Радаўніцу, а таксама Сёмушныя або Траецкія Дзяды (з абрадавым ухілам на радзіцельскую суботу ці на Русальны тыдзень), а з другога – «восеньскія памінкі», рытуальным цэнтрам якіх сталі Восеньскія Дзяды.

    Чаму сталася так, што цыкл найбольш значных земляробчых спраў аказаўся з двух бакоў (на самым пачатку і на заканчэнні) апаясаным святамі ў гонар памерлых продкаў? Адказ на гэта пытанне падказала нам жыхарка в. Уборкі Лоеўскага раёна К.М.Мельнікава.

    Яна сказала фразу, у якой канцэнтрацыя думкі была на ўзроўні сакральнага сімвалізму: «Не чапай зямлю да Радаўніцы – можа быць смерць у тваёй сям’і». Вось яно, ключавое правіла, якое фактычна рэгламентуе нашы стасункі з продкамі: перад тым як распачаць цыкл асноўных земляробчых работ (наводзіць парадак на сваім прысядзібным участку), трэба спачатку навесці парадак на магілах сваіх продкаў.

    У адпаведнасці з універсальным рытмам народнай культуры 0 – 3 – 9 – 40 – 1,0 год памінальны дзень адзначаецца на дзевяты дзень пасля Уваскрэшання Хрыстова, у аўторак на другім Фаміным тыдні.

    Абрад памінання памерлых

    ...Ранiцай на Радаўніцу гаспадыня завiхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой льняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню.

    Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках ўсе разыходзiлiся да «сваіх» магiл. Часцей за ўсё магілы прыбіралі напярэдадні – у так званую Жывую Радаўніцу. Іх абкладвалі дзёрнам, пасыпалі жоўтым пяском, папраўлялі крыж, на які звычайна павязвалi белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялiчкi белы фартушок – калі жанчына, прымацоўвалі белы вянок – калі дзяўчына.

    Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах могілак, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну. Але перш чым жывыя пачнуць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магілу пакласці рытуальнае ахвяраванне.

    Каля кожнага крыжа ставілі сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую накрывалі лустай хлеба, адно чырвонае яйка, шматок сала ці дамашняй каўбасы, адно дамашняе пячэнне, адну цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкі. Менавіта няпарную колькасць, таму што ў памінальнай абраднасці, якая характарызуецца «разрывам», «раз’яднаннем», вызначальным сімвалам з’яўляецца няцотнасць.

    Абавязковым быў абрад «хрыстосавання з мёртвымi». Дзеля гэтага гаспадыня (а ў некаторых выпадках гэта рабілі дзеці) брала велiкоднае яйка i качала яго крыж-накрыж па надмагільнаму насыпу. Затым прама на прыбраную магiлу «левым» бокам рассцiлаўся абрус, на яго ставiлася куцця з запаленай свечкай i ўсе астатнiя стравы, кожнай з якiх трэба было патрошкi адкласцi нябожчыку.

    Пасля гэтага па кругу пускалі памінальную чарку, якая павінна была паядноўваць тых, хто прыйшоў на могілкі. У чарку наліваўся напой і перадаваўся самаму старэйшаму сярод прысутных. Трэцюю частку пітва той спачатку адліваў на магілу (зноў-такі: перш чым сабе – продкам), сярэднюю (таксама трэцюю частку) выпіваў сам, апошнюю частку – «слязу» – абавязкова пакідаў на дне.

    Затым чарку напаўнялі пітвом і перадавалі наступнаму па ўзросце родзічу. Так чарка хадзіла па кругу тройчы. Калі ж за трэцім разам яна даходзіла да апошняга, каму можна было прыгубіць рытуальны напой, то тое, што заставалася на дне – так званыя «слёзы», вылівалася на магілу. Хаджэнне чары па кругу было скіравана на тое, каб аднавіць, замкнуць, паяднаць галіны радаводнага дрэва.

    У эстафету родавай памяці ўключаўся і яшчэ адзін атрыбут – асвечанае ў храме яйка. Рытуальная надмагільна-хаўтурная трапеза распачыналася тым, што адно свянцонае яйка дзялілася на столькі кавалачкаў, колькі чалавек сабралася вакол магілы, і кожны з прысутных браў сваю долю. Пасля працяглай размовы i шматлiкiх галашэнняў рытуал памiнання заканчваўся. Другая палова дня была занята звычайнымi штодзённымi справамi: «На Радаўнiцу да абеда пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць».

    Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/b2d0391338699c97.html

    «ПЕРШ ЧЫМ САБЕ — ПРОДКАМ»,

    Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

    Ушануем памяць памерлых або Культ продкаў у традыцыйнай культуры беларусаў У традыцыйным календары беларусаў былi два асноўныя перыяды сакральнага часу, калi ўшанаванне памяцi памерлых з’яўлялася самай галоўнай падзеяй.

    З аднаго боку, гэта час памiж Вялiкаднем i Тройцай — «веснавыя памiнкi» з выразным акцэнтаваннем на першых дзевяцi (!) паслявелiкодных днях i абрадавым эпiцэнтрам на Радаўнiцу, а таксама Сёмушныя або Траецкiя Дзяды (з абрадавым ухiлам на «радзiцельскую суботу» цi на Русальны тыдзень), а з другога — «восеньскiя памiнкi», рытуальным цэнтрам якiх сталi трызны, прымеркаваныя да Восеньскiх, або Змiтраўскiх Дзядоў.

    Чаму сталася так, што цыкл найбольш значных земляробчых спраў аказаўся з двух бакоў (на самым пачатку i на заканчэннi) «апаясаным» святамi ў гонар памерлых продкаў? «Не чапай зямлю да Радаўнiцы — можа быць смерць у тваёй сям’i». Вось яно ключавое правiла, якое фактычна рэгламентуе (можа быць даволi жорстка) нашы стасункi з продкамi.

    Доўгi час мы не маглi патлумачыць сэнс, здавалася б, простага сялянскага правiла, якiх у традыцыйнай культуры даволi шмат. I толькi тады, калi ў якасцi унiверсальнага ключа-дэшыфратара ўзялi адзiн з асноўных прынцыпаў народнай культуры «перш чым сабе — продкам» , усё стала на сваё месца: распачынаць новы цыкл сельскагаспадарчых (i перш за ўсё земляробчых) спраў можна было толькi з дазволу продкаў — адзiных i сапраўдных уладароў роднай зямлi.

    Дарэчы, прынцып «перш чым сабе — продкам» хутчэй за усё з’яўляецца агульначалавечай каштоўнасцю, якая характэрна для многiх старажытных культур. Так, у Старым Запавеце шматразова прапiсана: першыя каласы новага ўраджаю трэба абавязкова прынесцi i ахвяраваць храму Божаму: «Начатки плодов земли твоей приноси в дом Господа, Бога твоего» (Исход 23: 19);

    «Если же приносишь жертву приношения хлебного из печенного в печи, то приноси пшеничные хлебы пресные, смешанные с елеем, и лепешки пресные, памазанные елеем» (Левит 2:4) Такiм чынам, Радаўнiца (агульнапашыраная назва веснавога дня ўшанавання продкаў) — гэта мяжа, перад якой стаяла патрэба ганараваць памерлых, а за ёй — атрымаўшы дазвол, распачынаць карагод земляробчых спраў.

    Перад тым, як распачаць цыкл асноўных земляробчых работ, трэба спачатку навесцi парадак на магiлах сваiх памерлых продкаў, тым самым атрымаць iх маўклiвае «бласлаўленне» i гарантаваную падтрымку.

    ПАМIНАННЕ ПРОДКАЎ НА ПЕРШЫМ ВЕЛIКОДНЫМ ТЫДНI

    Нашы разважаннi адносна прынцыпу народнай культуры «перш чым сабе — продкам» прыводзяць да разумення вельмi важнага месца культу продкаў. Вялiкдзень лiчыўся пачаткам новага года, i тады або ў самой яго структуры, або ў непасрэднай блiзкасцi ад яго павiнен быў iснаваць дзень, цалкам прысвечаны ўшанаванню памяцi памерлых продкаў.

    Так яно здарылася на самай справе. Як сведчаць фальклорна-этнаграфiчныя крынiцы мiнулага i сучасныя палявыя экспедыцыйныя запiсы, на адносна невялiкай тэрыторыi пражывання беларусаў час (дакладны дзень тыдня) спраўлення памiнак аказаўся шырока вар’iруемым. Таму паўстае неабходнасць разгледзець калi не ўсе магчымыя варыянты, то хоць бы найбольш пашыраныя з iх.

    У ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ВЯЛIКАДНЯ

    «Хадзiлi на кладбiшча ў першы дзень Пасхi. Як толькi з цэрквi, дак ацец iдзёт, бывала, на кладбiшча сначала, там яiчка качае краснае па магiлцы, хрыстосаецца, а потым ужэ дамой прыходзiць, i дома ўсё хрыстосвалiся, цалавалiся i ўжэ садзiлiся за стол» (в. Бабiнавiчы Лёзненскага раёна). Гэтай самай традыцыi да нашага часу прытрымлiваюцца ў некаторых вёсках Клецкага раёна.

    Адзначаны варыянт родавай пашаны мы схiльны лiчыць як адзiн з самых старажытных, ён цалкам укладваецца ў сфармуляваны алгарытм «перш чым сабе — продкам».

    Людзi асвяцiлi абрадавыя стравы «перанароджанага» (абноўленага) пачатку веснавых работ, таму перш чым пайсцi дадому i пачаставаць жывых дамачадцаў, яны спяшалiся на могiлкi, каб прынесцi абсалютна апраўданую ахвяру — падзяку продкам за iх духоўную спадчыну ў форме дакладна вызначанай традыцыi.

    Этнаграфiчныя крынiцы сведчаць, што ў асобных вёсках (напрыклад, в. Мерзлякова Лёзненскага раёна) на могiлкi хадзiлi на другi дзень Вялiкадня. У в. Новы Пагост Мiёрскага раёна могiлкi наведвалi на першы цi трэцi дзень велiкоднага тыдня.

    Таксама рабiлi i ў Капыльскiм раёне: «На Радаўнiцу перакiдваюць цераз сарай чырвонае яйцо. А праведваць магiлы сваiх у нас iдуць на Пасху цi на другi, трэцi дзень».

    НАЎСКI ВЯЛIКДЗЕНЬ — ЧАЦВЕР ВЕЛIКОДНАГА ТЫДНЯ

    Паводле сведчанняў шматлiкiх этнографаў, асноўным днём ушанавання памяцi памерлых на першым велiкодным тыднi ўсё ж стаў чацвер. Яго называлi па-рознаму: Наўскi Вялiкдзень, Наўская Пасха, Наўскi чацвер, Наўскае Скрысенне (Усходняя Вiцебшчына), Вялiкдзень мёртвых, мяртвых Вялiкадне (Гомельшчына), Паска мяртвых.

    Паводле сведчанняў этымолагаў, лексема «наўскi» паходзiць ад старажытнаславянскага «наўе», што азначае «дух нябожчыка», душу новапрадстаўленага, г. зн. нябожчыка на працягу першага года памiнання.

    РАДАЎНIЦА, АБО АЎТОРАК НА ДРУГIМ ПАСЛЯ ВЯЛIКАДНЯ ТЫДНI

    I ўсё ж з цягам часу Радаўнiца стала амаль што не агульнанацыянальным памiнальным святам, якое прыпадала на аўторак, дзевяты дзень пасля Вялiкадня. Справа ў тым, што сярод славян, у тым лiку i беларусаў, меўся свой унiверсальны рытм традыцыйнай культуры.

    Яго часцей за ўсё звязваюць з рытмам памiнальных абрадаў: 0 — 3 — 9 — 40 — 1 год (аднак ён ляжыць у аснове i радзiннай, i вясельнай абраднасцi, таму мы называем яго унiверсальным). У гэтым рытме закладзены наступны сэнс: 0 — момант смерцi, 3 — дзень пахавання, i 9 — першае ўласна сямейнае памiнанне.

    Вiдаць, якраз гэты аспект i паўплываў на часавую прымеркаванасць Радаўнiцы да Вялiкадня. Яна адзначаецца на дзевяты дзень пасля Уваскрэсення Хрыстова, у аўторак на другiм Фамiным тыднi. Вось так «радзiцельская субота» пачала ў шэрагу месцаў Беларусi адзначацца ў аў- торак i атрымала незвычайную назву — Радаўнiца (Радунiца, Радоўнiца, Раданiца, Провады, Праводны тыдзень, Мёртвая радынiца, Мёртвы цi Праводны дзень).

    У в. Пыхань Веткаўскага раёна зафiксавана яшчэ адна незвычайная назва гэтага дня — Хамова пасха.

    АСАБЛIВАСЦI АБРАДАВЫХ ДЗЕЯННЯЎ

    Ранiцай на Радаўнiцу гаспадыня, як звычайна, завiхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой iльняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню.

    Прыгатаванне праходзiла ў абстаноўцы спакою i ўрачыстасцi, з пачуццямi гордасцi i павагi адзiн да аднаго i да свайго роду. Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках усе разыходзiлiся да «сваiх» магiл. Часцей за ўсё магiлы прыбiралi напярэдаднi — у так званую Жывую Радаўнiцу або за некалькi дзён да вызначанага аўторка.

    Выметуць смецце, пафарбуюць агароджу, пасадзяць кветкi, толькi вакол магiлы, але нi ў якiм разе не на самой магiле. Магiлы абкладвалi новым дзёрнам, пасыпалi свежым жоўтым пяском, папраўлялi крыж, на якi звычайна павязвалi белы ручнiк, калi там быў пахаваны мужчына, невялiчкi белы фартушок — калi жанчына, прымацоўвалi белы вянок — калi дзяўчына.

    Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну. Але перш чым жывыя пачнуць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магiлу пакласцi рытуальнае ахвяраванне.

    Каля кожнага крыжа цi помнiка ставiлi сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налiвалi гарэлку i якую закрывалi-перакрывалi лустай хлеба, адно (!) чырвонае велiкоднае яйка (толькi не свянцонае), шматок сала цi дамашняй каўбасы, адно (!) дамашняе пячэнне, адну (!) цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкi.

    Менавiта няпарную колькасць, таму што ў памiнальнай абраднасцi, якая характарызуецца «разрывам», «раз’яднаннем», вызначальным сiмвалам з’яўляецца няцотнасць. Вяселле, наадварот, сiмвалiзавала стварэнне пары! Як парадаксальна гучыць сучасная традыцыя хадзiць на могiлкi з парнай (!) колькасцю жывых (!) кветак!

    Абавязковым быў абрад «хрыстосавання з мёртвымi». Дзеля гэтага гаспадыня (а ў некаторых выпадках гэта рабiлi дзецi) брала велiкоднае асвячонае яйка i качала яго крыж-накрыж па насыпу. Затым прама на прыбраную магiлу «левым» бокам рассцiлаўся абрус, на яго ставiлася куцця з запаленай свечкай i ўсе астатнiя стравы, кожнай з якiх трэба было патрошкi адкласцi нябожчыку.

    Пасля гэтага па добрай славянскай традыцыi па кругу пускалi памiнальную чарку (гаспадыня брала з сабой дзве чаркi — адну ставiлi нябожчыку, другая павiнна была паядноўваць тых, хто прыйшоў на могiлкi) з гарэлкай. Канешне ж, да сярэдзiны ХIХ ст. гэта была медавуха, спецыяльна зробленыя для велiкодных святкаванняў пiва цi квас.

    У чару налiвалася пiтво i перадавалася самаму старэйшаму сярод прысутных. Трэцюю частку пiтва той спачатку адлiваў на магiлу (зноў-такi: перш чым сабе — продкам), сярэднюю (таксама трэцюю частку) выпiваў сам, апошнюю частку — «слязу» — абавязкова пакiдаў на дне. Затым чару-чарку напаўнялi пiтвом i перадавалi наступнаму па ўзросце родзiчу (ад старэйшых да маладзейшых, але толькi жанатых людзей!).

    I гэты чалавек дакладна паўтараў асноўны прынцып узгаданага этыкетнага правiла. Так чарка-чара хадзiла па кругу тройчы. Калi ж за трэцiм разам яна даходзiла да апошняга, каму можна было прыгубiць рытуальны напой, то тое, што заставалася на дне, — так званыя «слёзы», — зноў-такi вылiвалася на магiлу.

    Што стаяла за «слязой», пакiнутай кожным на дне чары? Род збiраўся каля магiл тых, хто пайшоў у «той» свет, «разарваўшы» (у сiмвалiчным плане) эстафету жыцця. Хаджэнне чары па кругу з «пераходнай слязой» было скiравана на тое, каб аднавiць, замкнуць, паяднаць галiны радаводнага дрэва.

    У эстафету родавай памяцi ўключаўся i яшчэ адзiн атрыбут — асвечанае ў храме яйка. Рытуальная надмагiльна-хаўтурная трапеза распачыналася тым, што адно свянцонае яйка дзялiлася на столькi кавалачкаў, колькi чалавек сабралася вакол магiлы, i кожны з прысутных браў сваю долю.

    Сёння можна бачыць, як столiк i невялiчкiя лаўкi (мадэль хатняга застолля), дзе будзе праходзiць памiнальная ўрачыстасць, робяць побач з магiлай — гэта дапушчальна. Але бывае i так, што стол ставяць па-за межамi агароджы. Складваецца ўражанне, што блiзкiя людзi «прыйшлi да роднай хаты, але зайсцi ў яе так i не пажадалi...»

    ДАРОГА З МОГIЛАК — ДАРОГА НАСУСТРАЧ ЖЫЦЦЮ!

    Пасля працяглай размовы i шматлiкiх галашэнняў рытуал памiнання заканчваўся. Рэшткi яды (а ў некаторых мясцовасцях i фарбаваныя яйкi) раздраблялi i раскiдвалi па магiле, частку аддавалi жабракам.

    Другая палова дня была занята звычайнымi штодзённымi справамi, а вечарам многiя вяскоўцы збiралiся ў карчме або за святочным сталом у хаце i працягвалi святкаваць Вялiкдзень, дакладней рабiлi, яго «провады», таму адна з назваў гэтага дня — Праводны дзень або Праводная Радаўнiца.

    Уся адметнасць i незвычайнасць веснавога памiнальнага дня адлюстравана ў прыказцы: «На Радаўнiцу да абеда пашуць, па абедзе плачуць, а ў вечары скачуць».

    ...Прайшоўшы праз стагоддзi, Радаўнiца стала святам ушанавання свайго роду, праяўлення духоўнай пачцiвасцi да «радзiцеляў» (так i сёння называюць усiх памерлых), асаблiвага гонару за гiстарычную глыбiню радаводу i яго найбольш вядомых прадаўжальнiкаў.

    Могiлкi — гэта месца, дзе можна спакойна i няспешна асэнсаваць сваю гiстарычную прызначанасць, паспрабаваць зразумець адказнасць за тое, чаму сёння менавiта табе даў жыццё твой род i даручыў прадоўжыць спадчыну, не даць ёй заўчасна адысцi ў нябыт.

    Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz