ЗАСУХА
Прыродная з’ява, акружаная ў народзе мноствам міфічных уяўленняў. Прычынаю ўзнікнення З. магло быць вядзьмарскае насланнё, а таксама выкананне людзьмі забароненых у пэўныя каляндарныя тэрміны дзеянняў. Справакаваць З., казалі, можа ўстаноўка платоў і агароджаў да свята Благавешчання ( калі зямля яшчэ спіць, і трывожыць яе няможна), пастаўлены не ў пару помнік на магіле.
Каб ліквідаваць “прычыну” З., разбуралі платы, здымалі вароты і заносілі ў балота ці ў возера; пераварочвалі помнік (крыж), пакуль не пойдзе дождж. Верылі, што З. можа выклікаць пахаваны тапелец, якому ўсё мала вады, і яго магілу мусілі паліваць крыж-накрыж ці ставілі на насып напоўненую пасудзіну, даліваючы яе час ад часу.
Віноўнікам З. маглі прызнаць і самагубцу, пахаванага, насуперак народным правілам, на тэрыторыі могілак, а не за агароджаю. Каб не выклікаць З., нікому нічога не пазычалі ў дні пачатку ворыва, ускопвання градаў, засевак, што тлумачылася магіяй першага дня.
Каб спыніць З. і выклікаць дождж, у народзе існавала шмат магічных дзеянняў: разлівалі па полі ваду з трох ці сямі калодзежаў; дзеці-падлеткі насілі ваду на папараці ў няблізкія сёлы;
вяскоўцы аблівалі стрэчных вадою; жанчын выганялі на раку купацца; дзеўкі і маладзіцы бегалі па полі і ўсе разам мачыліся (імітацыйная магія); мужчыны касілі траву (бо дождж не любіць касьбы і абавязкова праліецца); цягнулі лапаць у поле і галасілі; выкідвалі на двор лапату хлебную;
тапілі шчаня, кацяня ці проста саламянае пудзіла; забівалі жабу і хавалі яе з прытворнымі галашэннямі ці вужа (змяю) і вешалі на дрэве; падвешвалі ўніз галавою жывога ката або вусеня; закопвалі ў зямлю жывога рака;
сыпалі ў калодзеж мак-відук ці каноплі або кідалі туды мох, дзевяць гарошын, агародную расаду ці ўкрадзены гаршчок; праводзілі па вуліцы баразну сахою, у якую былі ўпрэжаныя дзяўчаты; пераворвалі дарогу; разворвалі дно ракі і тройчы абыходзілі з плугам вакол сяла, утвараючы кола магічнае.
У выкліканнях дажджу прысутнічаюць і хрысціянскія элементы: сялянкі рабілі абыдзённік і вешалі яго на прыдарожны крыж, а потым пры ўдзеле святара перавешвалі на абраз і хадзілі па полі вакол сяла; маліліся над калодзежам Богу, клалі крыж на ваду; адслужвалі малебен ды інш.
З. прадказвалі па асаблівасцях надвор’я пэўныя каляндарныя дні і, каб не пазбавіцца ўлетку дажджоў, адзначалі дзень прарока Іллі, а таксама абліваліся ў Сухі(Траецкі) чацвер (або Дзевятнік) вадою.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1822