ДЗЕДАВІЦА

БУСЕЛ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 48
    Гасцей: 48
    Карыстальнікаў: 0

    БУСЕЛ

    БУСЕЛ (буська), БАЦЯН, ЛЯЛЁКА шырока прадстаўлены ў беларускай міталёгіі, паводле якой гэта чалавек ці анёл, пакараны Богам за цікаўнасьць: даручаную яму торбу ці гаршчок з сабранымі там нячыстымі жывёлінамі-гадамі ён павінен быў кінуць, не разьвязваючы, у прадоньне, ды не стрымаўся, разьвязаў паглядзець ды выпусціў усіх тых жывёлак на зямлю.

    Ператвораны ў птушку, цяпер ён мусіць лавіць усё тое, што некалі выпусьціў, ачышчаць зямлю. Стаўшы птушкай, бусел туліцца бліжэй да чалавека, селіцца побач ці нават на стрэхах хатаў, прыязны й карысны людзям, жыве сямейнай параю, служыць прыкладам сужонскае вернасьці. У варыянце міту, запісанага А. Сэржпутоўскім ад казачніка Азёмшы, апавядаецца, што чалавек ня выканаў боскае даручэньне праз сваю хітрую й падступную жонку, якая зь цікавасьці разьвязала той таямнічы гаршчок і выпусьціла на зямлю ўсю нечысьць.

    За гэта Бог ператварыў у птушак усю сям'ю. У тэксьце Сэржпутоўскага падкрэсьліваецца, што колеры афарбоўкі адпавядаюць колерам традыцыйнае беларускае вопраткі: БЕЛЫ, ЧЫРВОНЫ, ЧОРНЫ - старажытная колеравая трыяда з глыбокім сымбалічным зьместам. Беларускі міт дужа блізкі да клясычнага міту пра Пандору, толькі той у параўнаньні зь беларускім выглядае нават больш позьнім, там у гаршчку Пандоры схаваныя абстрактныя паняткі: няшчасьці, хваробы, людзкія звады й інш.

    БУСЕЛ для беларусаў - сьвятая птушка. Забіць бусла - вялікі грэх. З дапамогаю бусла варажылі, які будзе год: калі ён кіне з гнязда яйка - добры год, хлеба купіш за яйка, калі птушаня - благі, неўраджайны, хлеба ня купіш і за дзіцё. Дачыненьні чалавека й бусла - прыклад гарманічнага суіснаваньня чалавека й дзікае прыроды, якая робіцца свойскай: чалавек дапамагаў будаваць буслу гняздо, ахвяруючы дзеля гэтага старыя колы, бароны, кладучы туды кавалкі жалеза, медзі.

    За гэта бусел магічным чынам засьцерагаў жыльлё ад пажару альбо папярэджваў, што жытло спаліць пярун. Пакрыўжданы бусел мог сам спаліць негасьцінную сялібу, пранесшы на яе галавешку, альбо занячысьціць калодзеж, кінуўшы ў яго гадзюку. Ужо само па сабе важна тое, што бусел усьведамляецца менавіта як НОСЬБІТ нябеснага агню, як распарадчык і ахоўца яго, як апякун над іншымі нябеснымі стыхіямі, да прыкладу - над ветрам.

    Пад час навальніцы раілі станавіцца пад дрэва з бусьлянкай, бо ў такое дрэва ніколі ня ўдарыць маланка. Гэтае й шмат што іншае сьведчыць на карысьць аднясеньня бусла да птушак бога Грымотніка, а мажліва, бусел нават замяшчае яго, скідаючы на зямлю/у пекла/"у боршч" ЖАНЧЫНУ (выдатна ілюструецца дзіцячымі заклічкамі: "Бусел, бусел, клёка, Выбіў бабе (жабе) вока, Валачыў, валачыў І ў боршч умачыў.

    Бусел, бусел, кле-кле, Твая матка ў пекле. Стаіць на вуліцы Ў чырвонай спадніцы... Твая матка ў пекле Выламала ногу, Пайшла па другую, выламала й тую"). Фактычна гэта простае паўтарэньне асноўнага міту, калі Грымотнік у выніку канфлікту са сваім антаганістам зрынуў на зямлю дзяцей і жонку, якая падазравалася ў здрадзе. Паводле Тацяны Валодзінай і Ліі Салавей

    БУСЕЛ

    Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. I вырашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якой-небудзь бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мех, завязаў, узваліў на плечы аднаму чалавеку і загадаў укінуць у прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. I ўзяла чалавека цікаўнасць: што ён такое нясе?

    Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся зноў па зямлі. Раззлаваны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь і, накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё жыццё аж да самай смерці. I ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтай пары ніяк сабраць не можа. Нават нягледзячы на тое, што чараўнік для дапамогі паслаў яму жонку і дзяцей.

    3 прычыны сваей крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далека ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей. Тую хату і нават сядзібу, дзе бусел уладкуе свае гняздо, можна лічыць шчаслівай, а Пярун ніколі не ўдарыць нават паблізу гнязда. Беларусы шануюць бусла як карыснае стварэнне, якое нішчыць жаб, змей і вужоў. Але і баяцца іх. Калі чалавек разбурыць буслянку, яны адпомсцяць.

    Пралятаючы паблізу вясковых сядзібаў, яны могуць распаліць пажар, кінуўшы на дах стадолы ці хаты запаленую галавешку, або нават уторкнуць яе пад страху.

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/82.htm

    БУСЕЛ

    БУСЕЛ шырока прадстаўлены ў беларускай міфалогіі паводле якой гэта чалавек ці анёл, пакараны богам за цікаўнасць: даручаную яму торбу ці гаршчок з сабранымі там нячыстымі жывёлінамі-гадамі ён павіен быў кінуць, не развязваючы, у прадоне, ды не стрымаўся, развязаў паглядзець ды выпусціў усіх тых жывёлак на зямлю. Ператвораны ў птушку, цяпер ён мусіць лавіць усё тое, што некалі выпусціў, ачышчаць зямлю.

    Бусел для беларусаў - святая птушка. Забіць бусла - вялікі грэх. Па буслу варажылі, які будзе год: калі ён кіне з гнязда яйка - добры год, калі птушаня - благі, неўраджайны. Чалавек дапамагаў будаваць буслу гняздо, ахвяруючы дзеля гэтага старыя колы, бароны, кладучы туды кавалкі жалеза, медзі. За гэта бусел магічным чынам засцерагаў жыллё ад пажару або папярэджваў, што жытло спаліць пярун.

    Бусел уведамляецца менавіта як носьбіт нябеснага агню, як распарадчык і ахоўца яго, як апякун над іншымі нябеснымі стыхіямі, да прыкладу над ветрам. У час навальніцы раілі станавіцца пад дрэва з буслянкай, бо ў такое дрэва ніколі не ўдарыць маланка.

    Крыніца: Музей традыцыйных абярэгаў.

    ДА ЧАГО СНІЦЦА БУСЕЛ

    З сярэдзіны сакавіка пачыналі прылятаць буслы. Бусел — велічная, грацыёзная птушка, адна з самых любімых і шануемых славянамі. Можа, менавіта таму народ надаў буслу шмат чалавечых рысаў. Лічыцца, што гэтыя разумныя птушкі разумеюць чалавечую мову, мудрыя і справядлівыя, чулыя, могуць плакаць сапраўднымі слязьмі і наладжваюць вяселлі, быццам людзі.

    Сямейныя пары буслоў непадзельныя. Часцей за ўсё, калі адзін з буслоў гіне, другі таксама ахвяруе сваім жыццём. * Буслы лічацца ахоўнікамі сямейнага шчасця і дабрабыту. Менавіта гэта птушка, па ўяўленнях нашых продкаў, прыносіць у хаты бацькоўскае шчасце — дзяцей. Менавіта таму, што буслы першымі абвяшчаюць надыход вясны — нясуць вестку аб абуджэнні прыроды, з прыняццем хрысціянства прылёт буслоў пачалі звязваць з Благавешчаннем Марыі.

    * Лічылася, калі бусел падчас вяселля сядзе на пячны комін, у маладых хутка народзіцца дзіця. Калі жанчыне сніцца бусел — да цяжарнасці ці нараджэння сына.

    * Бусел — ахоўнік хаты і падворка ад бяды і нястачаў, пажараў, гадаў, крумкачоў, каршуноў і г.д. І калі на даху хаты пасяліўся бусел, гэта прадказвала багацце і дабрабыт у сям’і.

    * Павер’і аб буслах, якія прыносяць поспех і шчасце ў хату, вымагалі гаспадароў дапамагаць буслам у будаўніцтве іх гнёздаў: для гэтага на даху замацоўвалі старое кола. Але існавала правіла — гэта павінен быў зрабіць нежанаты хлопец з дапамогай незамужняй дзяўчыны. У такім выпадку буслы абавязкова паселяцца на гэтым даху, а хлопец з дзяўчынай хутка возьмуць шлюб.

    * Калі бусел са сваёй сям’ёй сам пакінуў гняздо, гэта значыць, што ў хаце можа адбыцца штосьці дрэннае: пажар, удар маланкі, паводка і г.д.

    * Пакрыўдзіць бусла, зруйнаваць яго гняздо было цяжкім грахом, які мог выклікаць розныя беды на гаспадароў хаты. Вядомы выпадкі, калі чалавек наносіў шкоду гнязду, і калі гінулі птушаняты, то бусел мог падкінуць у калыску дзіцяці гадзюку ці на дах хаты агонь.

    * Добрай прыкметай было ўбачыць ранняй вясной першага бусла ў палёце. Гэта прадказвала цудоўнае здароўе на ўвесь год, добры ўраджай, а для незамужняй дзяўчыны — вяселле ў гэтым годзе. Бусел, які сядзіць на гняздзе, прадказвае дрэнны ўраджай, страты і г.д. Хаця ў некаторых рэгіёнах лічылі якраз наадварот: бусел у палёце варожыць на неспакойны год, бусел на гняздзе — да года ціхага і спакойнага.

    * Убачыць вясной у першы раз пару буслоў — да вяселля або лёгкіх родаў.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=20422

    БУСЛЫ НА РАДЗІМУ ЛЯЦЯЦЬ

    Сёння ў каталікоў — Звеставанне Добрую вестку прынёс у гэты дзень арханёл Габрыэль Панне Марыі: у яе народзіцца дзіцятка Езус, Збаўца гэтага свету ад грахоў. Божы пасланнік паведаміў Прасвятой Дзеве, што зачацце яе бязгрэшнае, ад Святога Духа. Так сцвярджае біблейскае паданне. Роўна праз дзевяць месяцаў пасля 25 сакавіка — 25 снежня сапраўды народзіцца Месія, Сын Божы. Гэтыя даты — найважнейшыя ў каталіцкім календары.

    Паводле старажытных вераванняў, сёння яшчэ і дзень стварэння свету, які калісьці супадаў з днём вясновага раўнадзенства — 20 сакавіка. Беларусы ж адзначаюць у гэты час яшчэ адно свята — Гуканне вясны. Паводле даўніх звычаяў, трэба выпускаць з клетак птушак, якія прыспешаць прыход цёплай пары.

    На Дабравешчанне, вераць людзі, буслы мусяць вярнуцца на радзіму з паўднёвых краёў. Калі гэтага не здарыцца — чакайце да 7 красавіка, тады Благавешчанне будуць адзначаць праваслаўныя хрысціяне.

    Як кажа народная прымаўка, да Благавешчання зіму не лай і сані трымай. Дарэчы, сіноптыкі сёлета цалкам пацвярджаюць гэтую мудрасць: толькі ў пачатку наступнага месяца сонца поўнасцю пераможа снег.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=30836

    БУСЛЫ ПРЫЛЯЦЕЛІ

    У колазвароце птушынага карагоду адметнае месца належыць буслу — велічнай, грацыёзнай, адной з самых шануемых усходнімі славянамі птушцы, якая прылятае да нас якраз на Благавешчанне. Шырока распаўсюджаным было і такое павер’е: калі вясной упершыню убачыць бусла, які ляціць, — быць здаровым, моцным, працаздольным; калі ж бусел будзе стаяць, то, наадварот, усё лета чалавек будзе цяжкім на пад’ём.

    Верылі ў тое, што калі “хто хоча быць моцным на ногі ўвесь год, той павінен прабегчы ў бок бусла, калі ўбачыць яго першы раз вясною. Калі хто ўбачыць яго першы раз у спакойным стане, то ўвесь год будзе слабы на ногі, г.зн. будзе стамляцца ад хады”.

    Пры першай сустрэчы трэба было абавязкова прагаварыць патрабаванні-заклічкі: “На ціхае лета, буйнае жыта, а нам на здароўе”. На Гомельшчыне казалі так: “Надзелі, бусечко, здороўем!” Каб не балела спіна, трэба было прыперціся да дрэва і казаць: “Бусько-бэрэзіна, каб не балела сэрэдзіна”.

    Лічылася, што бусел прадказваў не толькі шлюб паміж парай маладых людзей, але і хуткае нараджэнне дзіцяці: “Калі бусел падчас вяселля сядзе на комін, у маладых хутка народзіцца дзіця”. Калі бусел сніцца жанчыне — гэта прадказвала яе цяжарнасць.

    Сярод беларусаў існавала глыбокая перакананасць, што суседства бусла прыносіць у хату, сям’ю і гаспадарку шчасце, паразуменне і дабрабыт. Бусел уяўляўся людзям дбайным гаспадаром і верным спадарожнікам у жыцці, таму, “убачыўшы першы раз бусла, трэба адразу ж сесці на зямлю, іначай дастатку ў гаспадарцы не будзе і гаршкі будуць біцца” .

    Існавала строгая забарона чапаць (разбураць) буслінае гняздо. Лічылася, што гэта накліча няшчасце на гаспадарку, дый сам бусел можа адпомсціць крыўдзіцелю: кінуць на дах хаты запаленую галавешку або нават уторкнуць яе пад страху.

    Забіць бусла лічылася страшным грахом. Чалавека, які гэта зрабіў, маглі напаткаць самыя неверагодныя непрыемнасці. Але часцей за ўсё лічылася, што тады град паб’е пасевы, наступіць засуха, маланка спаліць хату ці ўсю вёску.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=31267

    ХТО НА КРЫЛАХ ВЯСНУ НЯСЕ

    У структуры беларускага народнага календара птушкам належыць важны гарманізуючы пачатак: яны сваім прылётам маркіруюць этапы веснавога абуджэння і разгортвання складанага і шматэтапнага цыкла земляробчых работ. Заціханне птушынага спеву і адлёт іх у вырай было знакам згортвання свету, заканчэння цёплага летняга перыяду і падрыхтоўкі зямлі да чарговага этапа зімовага спачыну.

    Паэтапнае разгортванне прасторы наваколля ў птушыным кодзе фіксавалася наступным чынам. Веснавое сонца і адпаведна першыя прыкметы пацяплення атаясамліваліся з жаваранкамі.

    «Пасля жаваранкаў паяўляюцца пліскі, затым на 10–12-м тыдні ад Каляд прылятаюць вадзяныя птушкі, дзікія качкі і гусі... Потым прылятаюць буслы, жураўлі, кулікі, зяблікі, дразды і іншыя, пасля 15 тыдняў ад Каляд. Пазней – перапёлкі, драчы, жоўны і інш». Лічылася, што менавіта кулік прыносіў з-за мора пацяпленне, а таксама ключы, якімі адкрывалася вада, замкнёная на зіму лёдам.

    Ён ускрываў рэкі і «нараджаў» вясёлыя ручаі. Аб тым, што прыйшла паўнапраўная вясна-ўладарка, абвяшчалі ластаўкі. Яны пачыналі рабіць гнёзды пад дахамі (пад «каньком») хат і тым самым прыносілі чалавеку (сям’і) прыемную навіну – хата ў гэтым годзе будзе поўніцца шчасцем і дабрабытам. Сапраўднай вясной лічылі той дзень, калі ўпершыню, кукавала зязюля.

    Па назіраннях нашых продкаў, часцей за ўсё гэта было на Юр’я (на 17-м тыдні ад Каляд). Завяршаў шматгалосы птушыны клін салавей. Яго прылёт адпавядаў пераходу вясны ў лета. А ўжо са Спаса птушкі пачыналі збірацца ў вырай. Распачынаўся зваротны адлік часу, які таксама парадкаваўся паэтапным развітаннем то адной, то другой птушынай сям’і.

    Аўтар: «Народная газета».

    Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/b6eac127f8de9e52.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz