КАПІШЧА
Віктар Каралькоў.
(ад стараславянскага капь – выявабога, ідал, якое запазычана з цюрскіх моваў і мела там значэнне “выява, вобраз, прывід, з’ява”), адна з разнавіднасцяў паганскіх свяцілішчаў. У літаральным сэнсе – месца, дзе стаяў драўляны ці камены ідал. Як спраўджана археалагічнымі асаблівасцямі К. з’яўляліся пляцоўка круглай у плане формы, абведзеная па краі ровам, камянямі або ямамі, у цэнтры пляцоўкі стаяў ідал.
Культавыя помнікі з пералічанымі асаблівасцямі былі вядомыя яшчэ насельніцтву тшінецка-сосніцкай культурнай супольнасці эпохі бронзы (напрыклад, на паселішчы Пустынка ў Чарнігаўскай вобл.). На пазнейшай беларускай этнічнай тэрыторыі вядома капішча на селішчы Грудок блізу г. Почапа ў Бранскай вобл., якое датуецца пачаткам н. э.
У цэнтры круглага памяшкання было круглае збудаванне з абапаленай гліны (магчыма, вогнішча-ахвярнік). Бліжэй да ўваходу знаходзіліся рэшткі галоўнага ідала. Налева і направа ад вогнішча-ахвярніка і цэнтральнага ідала ў дзвюх нішах стаялі двугарадныя ідалы. На гарадзішчы Тушамля (на поўдзень ад Смаленска) удругой чвэрці Ш. тыс. Н. э. існавала круглая пляцоўка дыяметрам 6 м, абкружаная агароджай з укапаных у зямлю слупоў.
У цэнтры гэтага гарадзішча такую ж круглую ў плане агароджу дыяметрам 5,5 м, у цэнтры якой размяшчаўся слуп-ідал. Унутры круглай агароджы – свяцілішча на гарадзішчы Гарадок (таксама Смаленская вобл. ) побач з цэнтральным слупам – ідалам знойдзены чэрап вялікага мядзведзя. Мяркуюць, што цэлая галава мядзведзя знаходзілася ці на цэнтральным слупе, ці адным са слупоў агароджы.
Даследнікі славягнскіх паганскіх свяцілішчаў І. Русанава і Б. Цімашчук (Масква) вылучаюць на падставе археалагічных дадзеных наступныя тыпы свяцілішчаў з ідаламі:
1) уласна пляцоўкі – К.;
2) малыя гарадзішчы – свяцілішчы;
3) храмы;
4) К. як складовыя часткі буйных культавых цэнтраў.
Самай характэрнай рысай К. першага тыпу з’яўляецца іх агароджанасць штучных земляных насыпаў. Блізу в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Побач з селішчам і курганным магільнікам X – XI стст. на беразе воз. Святое падчас раскопак выяўлены дзве пляцоўкі дыяметрам 5 і 7 м, абкружаныя равочкамі. З 4 бакоў знаходзіліся паглыбленні серпападобнай формы (шырыня 1,8, глыбіня 1м), у якіх гарэлі вогнішчы, а ў цэнтры пляцовак прасочаны ямы, дзе стаялі ідалы.
На іншых славянскіх землях пляцоўкі – капішчы абкладалі ці брукавалі камянямі. Асаблівасцю малых гарадзішчаў – свяцілішчаў з’яўляюцца іх невялікія памеры, непрыдатнасць для абароны і круглая форма, а таксама найчасцей адсутнасць культурнага пласта і размяшчэння рова паміж валам і пляцоўкай.
Нярэдка на вяршыні вала або на дне рова гарэлі рытуальныя вогнішчы. Гнайбольш вывучаныя малыя гарадзішчы – свяцілішчы Украінскага Прыкарпацця і Смаленшчыны. У Беларусі блізу в. Верхаўляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Даследавана гарадзішча-свяцілішча, якое мела пляцоўку дыяметрам 7 м, роў размешчаны паміж пляцоўкай і валам, дно рова было выбрукавана камянямі.
Вышэй выбрукоўкі ў культурным пласце залягала шмат вуголля і касцей жывёл. Знойдзены фрагменты ранняга ганчарнага посуду. Участкі выбрукоўкі былі выяўленыя і пры раскопках пляцоўкі. Пляцоўкі гарадзішчаў-свяцілішчаў уяўлялі сабой К., дзе стаялі ідалы. Храмамі з’яўляліся закрытыя памяшканні, у якіх размяшчаліся ідалы.
Храмы вядомыя паводле пісьмовых крыніц, а даследаваліся археалагічна ў асноўным на заходнеславянскіх землях і на захадзе Украіны. Датуюцца IX – XIII стст. Пра буйныя культавыя цэнтры сведчаць пісьмовыя крыніцы, а таксама раскопкі на тэрыторыі палабскіх славян (цяпер усход Германіі), у Польшчы, Прыкарпацці, у Кіеве і Ноўгарадзе.
У склад буйных культавых цэнтраў маглі адначасова ўваходзіць усе вядомыя тыпы культавых помнікаў: круглыя К., абмежаваныя ровам, валам ці шэрагам камянёў, храмы, у якіх стаялі ідалы, каменныя выбрукоўкі і ахвярнікі з камянёў, ахвярныя ямы і пляцоўкі. Некаторыя славянскія буйныя культавыя цэнтры дзейнічалі да сярэдзіны XIII ст.
Паколькі тэрмін “капішча” ўтвораны ад старажытнай назвы ідала, а ў некаторых беларускіх і рускіх дыялектах ідал абазначаўся словам “стод” (з ст.-сканд. Stod “слуп, калюмна”), то магло быцьтак, што паганскія К. першапачаткова называліся тэрмінам “стадола” ( з ст.-в.-ням. Stadal “хлеў, стайня”), як абазначэнне таго месца, дзе стаялі ідалы.
Пазней у сувязі з пашырэннем хрысціянства і барацьбой духавенства супраць рэшткаў паганства зніжаецца семантычны статус паняцця “капішча”. У пачатку XX ст. на Магілёўшчыне так называлі месца, дзе закопвалі здохлую жывёлу. Слова “капішча” сустракаецца ў мікратапаніміі, напрыклад Капішча – выцерабленае балота (в. Журоўка Бярэзінскага р-на), поле і лес (в. Навасёлкі Бярэзінскага р-на).
Толькі ў 1904 г. было забаронена паганскае К. у Мінску, якое існавала на беразе ракі Свіслач блізу сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай. Тут у дрыгвістым месцы была невялікая пляцоўка, дзе рос вялізны дуб, стаяў святы камень і няспынна гарэла вогнішча. Гэтае капішча на працягу ўсяго XIX ст. абслугоўвала адна сям’я чараўнікоў Севасцеяў. Царква забараніла хаваць іх на хрысціянскіх могілках, а потым паспрыяла і забароне К.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2322