ЛЫЖКА
Адна з нямногіх асабістых рэчаў чалавека. Яе забаранялася аддаваць, і просьба пазычыць Л. выглядала як просьба падарыць яе. Як рэч, што працяглы час непасрэдна судакранаецца з чалавекам, Л. надзялялі здольнасцю “ўбіраць” у сябе нейкую яго ідэальную частку. Таму ў шматлікіх рытуалах Л. стала шырока выкарыстоўвацца ў якасці замяшчальніка самаго чалавека, як сімвалічны яго прадстаўнік.
Адсюль выкарыстанне яе ў абрадах, што спадарожнічалі асноўным этапам жыцця чалавека, - у час радзін, вяселля, пахавання, Дзядоў, а таксама ў самых розных побытавых сітуацыях. Калі адна Л. ,як правіла, сімвалізавала аднаго з сямейнікаў, акт яго кармлення, то многа Л. – усіх памерлых родных ці сям’ю ў цэлым, у тым ліку і нябожчыкаў.
Таму менавіта Л. адводзілі першаступенную ролю ў рэчыўным кодзе памінальнай абраднасці: Л. трэба было класці выемкай данізу, а не даверху, што , акрамя іншага, звязваецца з уяўленнямі аб “перавернутасці” свету мёртвых у дачыненні да свету жывых.
Медыятыўная скіраванасць Л., яе здольнасць быць “умяшчальняю” пэўнай магічнай інфармацыі з наступнай яе перадачай паміж светамі абумовілі выкарыстанне Л. у рытуалах ахвярапрынашэння і шматлікіх варожбах.
Так, Л. побач з хлебам і соллю заставалася на стале ў час запрашэння дамавіка, з ёю ў руках клікалі Долю. Лёс прадказвалі Л., пакінутыя на стале ці ў куцці на Каляды. Рот у традыцыйнай культуры ўяўляўся як уваход у невядомае, іншае вымярэнне і таму атаясамліваўся з чалеснікамі печы.
Сованне Л. у рот выступае як акцыя, ізафункцыянальная засоўванню ў печ лапаты і ў пэўнай ступені сованню ў зямлю – капанню магілы. Усё гэта сцвярджае медыятыўнасць самога дзеяння – кармлення, якое, акрамя таго, ёсць ілюстрацыяй непасрэднага судачынення культуры і прыроды.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3223
ЛЫЖКА
У жыццi ўсходнiх славян лыжка, адна са шматлiкiх рэчаў штодзённага ўжытку, была ўвасабленнем канкрэтнага члена сям’i, таму што кожны з iх павiнен быў мець сваю лыжку. Лыжка гаспадара была самай вялiкай па памеры. Пры гэтым добра ведалi, што пакарыстацца чужой лыжкай – вялiкi грэх. Пасля смерцi гаспадара яго лыжкай карыстацца катэгарычна забаранялася.
Лiчылася, што яна набывала цудадзейную моц. Такую лыжку выкарыстоўвалi, каб звесцi бародаўкi, выводзiлi радзiмец, нарывы. Часта лыжку выкарыстоўвалi падчас варожбаў. Лыжка, якая нечакана звалiлiся на падлогу падчас абеду, прадказвала з’яўленне нечаканых гасцей. Лiчылася, што можна прыцягнуць у сям’ю беды i хваробы, калi пазычаць лыжкi ў суседзяў.
Таму, калi падчас вяселля або памiнак пазычалi i талеркi, i лыжкi, апошнiя вярталi з асаблiвай педантычнасцю. Славянамi (пераважна ў горадзе) была перанята традыцыя англамоўных народаў дарыць хрэснiку 12 «апостальскiх лыжак» (лыжкi, на дзяржаннях якiх былi выявы апосталаў). Менш заможныя хросныя бацькi маглi падарыць толькi адну лыжку.
І сёння ў некаторых сем’ях захоўваюцца сярэбраныя або мельхiёравыя лыжачкi, падораныя хроснымi бацькамi сваiм хрэснiкам.
Аўтар: Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/c07570fbf9a83621.html
КОЖНАМУ – ПА ЛЫЖЦЫ
Лыжка. У жыцці ўсходніх славян лыжка, адна са шматлікіх рэчаў штодзённага ўжытку, была ўвасабленнем канкрэтнага члена сям’і, таму што кожны з іх павінен быў мець сваю лыжку. Падчас вяселля лыжка іграла даволі вялікую ролю – аб’яднаць маладых. Пасля таго як “зап’юць касу нявесты», маці ставіла перад маладымі місу з яечняй, “то яны адной лыжкай ядуць і з аднаго каўгана п’юць, каб у іх усё жыццё кожная рэч была за еднасць, каб не было падзелу ды спрэчкі».
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/a746f5c8609bfae2.html
ЧАМУ НЕЛЬГА «ДАГАРЫ ДНОМ» ЛЫЖКУ КЛАСЦІ
Казалі, што 1 сакавіка Іуда, які здрадзіў Хрысту, здзейсніў самагубства. Можа, менавіта таму гэта дата ў народзе лічылася адным з самых неспрыяльных дзён. І сёння існуе шэраг забарон, звязаных з паводзінамі Іуды на Тайнай вячэры, якія прыпісваюць яму народныя паданні: – нельга браць соль з сальніцы пальцамі, як гэта рабіў Іуда;
– нельга мачаць лусту хлеба ў сальніцу;
– нельга класьці лыжку «дагары дном» (сёння так кладуць лыжкі толькі за жалобным сталом);
– за святочным сталом не павінна сядзець адначасова 13 чалавек – столькі іх было падчас Тайнай вячэры;
Пасля ўчыненай здрады Іуда скончыў жыццё самагубствам. Паводле славянскіх паданняў, ён павесіўся на асіне, з-за чаго яна зараз увесь час дрыжыць.
Раней ён абраў бярозу, якая збялела ад жаху, але змяніў сваё рашэнне. Кроў Іуды трапіла на вольху, з прычыны чаго яе драўніна набыла чырвонае адценне. А яшчэ ў народзе казалі, што з яго цела вырас тытунь (па іншых звестках – цыбуля, часнок ці хрэн).
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/f45ed958f00f9a1e.html
|