ДЗЕДАВІЦА

РАГВАЛОДАЎ КАМЕНЬ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    РАГВАЛОДАЎ КАМЕНЬ

    Каля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна ляжаў раней буйны пляскаты валун з вялікім крыжам і надпісам: «В лето 6679 мая в 7 день доспен крест сий. Господи, помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». Калі расшыфраваць «в лето 6679», атрымаецца 1171 год. Рагвалодаў камень, узарваны ў 1930-я г. Малюнак з каменя Па форме валун нагадваў паралелепіпед з крыху скошанымі закругленымі вугламі. Даўжыня блока дасягала 3 м, а шырыня 2,4 м. На яго грані, звернутай уверх, да неба, быў высечаны шасціканцовы крыж на падстаўцы з дзвюма прыступкамі. Вышыня яго складала 1,8 м. Надпіс двума колцамі апяразваў крыж. Велічыня літар дасягала 15 см. Словы «сыну Борисову» не ўваходзілі ў літарны круг, а займалі месца ў цэнтры каля крыжа. Празмернае ўжыванне літары «і» замест «и» сведчыла пра тое, што майстар, які пераносіў выяву на камень, або той, хто ім кіраваў, ведалі лацінку. Дарэчы, тое самае характэрна і для іншых Барысавых камянёў. Як гэта ні парадаксальна, але гісторыю беларускага «і», відаць, можна пачынаць адсюль, з XII стагоддзя. Рагвалод-Васіль Барысавіч, па загадзе якога і «доспен крест сий», не быў асабліва ўдачлівы. Міжусобіца княстваў, барацьба Полацка за сваю самастойнасць, моцнае гарадское веча, якое не лічылася з князямі, наклалі свой адбітак на лес Рагвалода. Адразу пасля смерці бацькі ён не змог як законны спадкаемца сесці на княжанне. Па загадзе Кіева яго ў росквіце сіл разам з іншымі полацкімі князямі выслалі ў далёкую Бізантыю. Адтуль ён вярнуўся толькі ў 1140 годзе, калі палітычная сітуацыя змянілася. Пазней, у 1146 годзе, Рагвалод быў пакліканы полацкім вечам на княжанке. Ці то паўплывала доўгае жыццё за мяжой, ці то незадаволенасць вынікамі яго кіравання прывялі да таго, што ў 1151 годзе князя выслалі ў Менск, а на яго месца запрасілі іншага. У 1158 годзе Рагвалод зноў вярнуўся ў Полацк і пачаў працяглую і беспаспяховую барацьбу з менскімі князямі. У 1162 годзе яго войска было разбіта пад Менскам. У сваю вотчыну ён болей не вярнуўся, а хаваўся ў Друцку. З таго часу імя князя знікла са старонак летапісаў. Толькі камень каля старой дарогі з Друцка ў Оршу сведчыў, што ў 1171 годзе ён яшчэ быў жывы і імкнуўся нешта распачаць. Раней дапускалі, што валун быў надмагіллем Рагвалода, але ў такім выпадку на валуне павінны былі быць словы «Помяни, господи...». Стары надпіс дапамог даведацца пра імёны князя — лягчэй стала разбірацца ў летапісных сведчаннях. Рагвалодаў камень народ доўга шанаваў. У паданні гаворыцца, што раней камень нагадваў сваімі абрысамі жывёліну, бо меў галаву і чатыры нагі. I быццам бы паміж ног, пад чэравам таго звера, была свабодная прастора, дзе пастухі хаваліся ад дажджу. Аднойчы млынар Марусевіч з Рудні вырашыў скарыстаць круглую галаву на жорны і адбіў яе. Толькі нічога добрага з гэтага не выйшла: жорны самі змалоліся ў пясок, вынішчылі ўсю маёмасць і сям'ю млынара. Згарэў і млын. Некаторыя асаблівасці валуна і гэтае паданне дазволілі вядомаму даследчыку беларускай даўніны Адаму Кіркору выказаць думку, што ў далёкім мінулым камень быў дальменам — часткай дагістарычнага захавання, але пазней даследчыкі гэта не пацвердзілі. Упершыню валун-дакумент знайшлі два стагоддзі назад, у 1792 годзе. Адкрыццё гэта было апублікавана ў «Академических Ведомостях», а гісторык Т. Мальгін, які здаўна займаўся радаслоўнымі рускіх князёў, уключыў яго ў трэцяе выданне сваёй кнігі «Зеркало российских государей...». Потым пра камень надоўга забыліся. У 1807 годзе над валуном паставілі Барысаглебскую царкву. Праз некалькі гадоў, у часе напалеонаўскага нашэсця, яе спалілі французы. Пазней, у 1830 годзе, камень атуліла новая бажніца. Паведамленне Т. Мальгіна трапіла нарэшце да знакамітага знаўца і збіральніка старажытнасцяў мецэната графа Мікалая Пятровіча Румянцава, які стварыў у сваім беларускім маёнтку Гомель вялікую бібліятэку і музей. Відавочна, граф прачытаў гэта ў 1816 г., бо, мяркуючы па захаваўшыхся чарнавіках, менавіта ў гэты час ён засеў за летапіс, каб высветліць, хто такі Рагвалод — князь, названы на адным з камянёў. У 1818 г., праз чвэрць стагоддзя пасля адкрыцця, у «Северной Почте» з'явілася цікавае паведамленне аб тым, што гаспадар маёнтка Гомель дзяржаўны канцлер граф М.П. Румянцаў 2 мая 1818 года раптам наведаў Оршу, дзе цэлы дзень распытваў пра нейкі камень са старажытнымі надпісамі. Усе «адазваліся няведаннем... але граф у пошуках не слабеў» і нарэшце пазнаёміўся з адукаваным патэрам мясцовай езуіцкай калегіі Дэзідэрыем Рышардотам, які і абяцаў праведаць. Паведамленне канчалася тым, што ў хуткім часе патэр «адшукаў надмагілле», паслаў М.П. Румянцаву копію надпісу з таго і тым самым «поўнасцю задаволіў жаданне графа...». Д. Рышардот прачытаў на камені: «В лето 6679 [1171] месяца мая в 7 день успе. Господи помози рабу своему Василию именем Рохволоду, сыну Борисову...». Патэр пісаў, што надмагільны помнік «пастаўлены пасярод капліцы за 24 вярсты ў напрамку Талачына, ...падтрымліваецца на чатырох слупах і шмат хто з старых памятаюць, што пад каменем быў праход і што дзеці, гуляючы, пад яго бегалі...». Такім чынам легенда пра тое, што Рагвалодаў камень — спрадвечны дальмен, бярэ пачатак, паводле звестак Рышардота, з 1818 года (пазней яе паўтаралі многія). Як бы там ні было, але артыкул у «Северной Почте» стаў шырока вядомым, да каменя пачалі ездзіць многія, хто цікавіўся старажытнасцямі. З гэтага моманту, трэба сказаць, пачалося сапраўды навуковае даследаванне беларускіх камянёў з надпісам. У тым жа 1818 г. Румянцаў атрымаў ад генерала расейскай арміі Я.Ф. Канкрына ліст і малюнак таго самага каменя. У пісьме паведамлялася, што артыкул у «Северной Почте» падахвоціў мясцовых аматараў агледзець старажытны помнік і «пры гэтым адкрылася істотная розніца супраць тлумачэння патэра Рышардота... Вядомая стараннасць Вашага правасхадзіцельства адшукваць айчынныя старажытнасці... ставіць мне ў абавязак паднесці Вам, міласцівы гасудар, пры гэтым вельмі поўнае і, магчыма, занадта падрабязнае апісанне помніка з далучэннем аб адкрытых слядах другіх падобных надпісаў». На заканчэнне пісьма было ўказана, што «чарцёж каменю» зроблены «былым каморнікам Дзембіньскім». Да пісьма дадавалася дэталёвае апісанне каменя пад загалоўкам «О Рогволодовом камне». Аўтар пачынаў з апісання мясцовасці, дзе ляжыць камень, і высвятляў, што «нічога цікавага яна не мае», толькі за паўвярсты прыкметны два курганы, па якіх ужо прайшла саха. Апісанне рэліквіі ён пачынаў з апытання насельніцтва: «Яшчэ да пабудовы капліцы (над каменем. — Л.А.) і з самых старажытных часоў, як сцвярджаюць жыхары, штогод у дзень Барыса і Глеба адпраўляўся малебен на гэтым камені... У час генерала Зорыча (фаварыта Екацярыны II, якая падаравала яму Шклоў. — Л.А.) шклоўскія кадзеты абкапалі камень гэты і знайшлі яго ляжачым глыбока ў зямлі...». Паданне аб слупах, на якіх стаяў камень, паводле сцвярджэння Д. Рышардота, Я.Ф. Канкрын лічыў казкай. Надпіс разглядаўся Я.Ф. Канкрынам з асаблівай стараннасцю. Быццам сучасны лінгвіст-палеограф, ён быў вельмі ўважлівы да ўсіх асаблівасцей напісання, да памеру літар і г. д. «Сам жа надпіс, — адзначыў ён, — наступны: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен (а не «успе», як несправядліва сказана ў апісанні патэра Рышардота) храм (или крест) сей. Господи, помози рабу своему... Борису». Энергічна пратэставаў Я.Ф. Канкрын супраць таго, каб гэты камень лічыць надмагільным помнікам: «Слова доспен, якое лепш і часцей за іншыя захавалася і нават прыгажэй за іншыя выразалася, паказвае ўжо, што тут няма гаворкі аб смерці і надмагіллі». Калі гэта не надмагільны помнік (аўтар не памыляўся: у старажытнай Русі надмагільных помнікаў не ставілі), то якое ж яго прызначэнне? Тут аўтар падыходзіў, як ён гаварыў, да «здагадкі»: «Сам камень у процілегласць усім гранітам, якія тут часта сустракаюцца і якім не шкодзіць агонь, па якасцях і памерах сваіх быў заўважаны яшчэ ў час паганства і на яго абярнуліся нейкія павер'і, магчыма, што тут быў свяшчэнны гай і нават ахвяраванне на камені... і Рагвалод для ўжывання гэтай рэшты старажытнага народнага павер'я ці пабудаваў царкву, ці загадаў толькі зрабіць на ім выяву знакаў хрысціянскіх. Не падлягае, аднак, сумненню... што гэта не грабніца Рагвалода ці помнік, што ён тут забіты, бо пад гэтым каменем і не мог ніхто быць пахаваны, а аб забойстве не гаворыцца: значыцца, толькі датычыцца свецкай гісторыі і з'яўляецца адным са старажытнейшых помнікаў «усталявання хрысціянства ў гэтым краі». «Якім жа Рагвалодам высечаны надпіс?» — задаваў Я.Ф. Канкрын пытанне. Спасылаючыся на толькі што выдадзеную кнігу М.М. Карамзіна «История государства Российского», ён рабіў справядлівы вывад, што камень быў выкарыстаны для надпісу Рагвалодам-Васілём (паводле М. М. Карамзіна, унукам Усяслава Полацкага). Рагвалод, дадаваў Я.Ф. Канкрын, а не Рогвальд — «верагодна, падобна Усеваладу ёсць імя не варажскае, хоць і да варагаў перайсці магло, а славянскае ад слоў рог (мыс.— Л. А.) і валодаць». Цікава, што Я.Ф. Канкрын паставіў пытанне нават аб паходжанні імя Рагвалод (аб чым вучоныя спрачаюцца да нашага часу!) і вырашыў яго на карысць славянскага імя. Ен таксама правільна вызначыў яго сынам князя Рагвалода-Барыса Усяславіча. Сын яго ў летапісу пад 1181 г. быў названы князем друцкім. «З гэтага можна заключыць, што камень ляжыць ва ўладанні друцкім, і што князь Рагвалод-Васіль Барысавіч ёсць той, аб кім гаворыць надпіс на камені». Да гэтага тэкста нястомны Я.Ф. Канкрын далучыў яшчэ і «Дадатак», дзе дапаўняў сказанае звесткамі М. Стрыйкоўскага. З кнігі гэтага польскага гісторыка XVI стагоддзя ён даведаўся аб існаванні іншых камянёў са старажытнымі надпісамі на Беларусі, «а паколькі гэтае адкрыццё можа весці да далейшага тлумачэння гісторыі», то ён «прыняў меры да адшукання і агляду» іх і «пасля атрымання верагодных звестак» не спыніцца на думцы аб тым, што рабіць далей». Захапіўшыся распачатымі пошукамі, ён на самай справе «ведаў, што рабіць далей», і хутка стары канцлер ужо чытаў новае пасланне, датаванае 24 кастрычніка 1818 г. Гаворка ішла пра новыя адкрытыя камяні са старажытнымі надпісамі — камяні, якія цяпер завуцца «Барысавы». У пісьме Я.Ф. Канкрын апісваў чатыры камяня з надпісамі, адкрытымі ўздоўж цячэння Зах. Дзвіны. Першы за тры вярсты ад г. Дзісны «супраць вёсак з правага боку Накоўнікаў, а з левага Бярозавай, ...на паверхні выява крыжа з надпісам: Госпадзі, памажы рабу свайму Барысу... На жаль, — дадае Я.Ф. Канкрын, — верхняя палова крыжа адсутнічае з тае прычыны, што надзірацель воднай камунікацыі падпаручнік Дэбаналь разарваў яго порахам. Зрэшты, надпіс застаўся, здаецца, непашкоджаным». «Другі камень, — паведамляе вучоны генерал, — далей ад першага на адлегласці 3 вярсты, насупраць в. Балоткі, ...яшчэ пакрыты вадой на паўаршына, ...таксама з выявай крыжа і надпісам, ...з надыходам мелкай вады абяцаюць мне далейшыя звесткі... Ад гэтага каменя на недалёкай адлегласці ляжыць трэці камень... Раўнамерна на другім месцы ў рэчцы Дзісенцы паміж двух астраўкоў ляжыць на такой жа адлегласці ад г. Дзісны чацвёрты. Але абодва яны без надпісаў, з аднымі толькі невялікімі крыжамі і пакрытыя вадою... Ці знаходзяцца дзе яшчэ падобныя камяні — невядома, але аб гэтым можна будзе даведацца ў рыбаловаў». Я.Ф. Канкрын быў першым, хто ўсур'ёз клапаціўся аб тым, каб унікальныя беларускія камяні з гістарычнымі надпісамі не знішчаліся, ён першы глядзеў на іх як на сур'ёзную гістарычную крыніцу аб мінулым. Пасля яго, старжытныя беларускія камені з надпісамі пачалі вывучаць, старанна апісваць і рабіць замалёўкі, а пазней фатаграфаваць іншыя даследчыкі. Але, нягледзячы на вялікую ўвагу да камянёў і іх відавочную гістарычную каштоўнасць, некалькі валуноў з надпісамі было знішчана яшчэ ў 19 ст. У 1830 годзе святара Галошаўскай царквы Льва Ганкевіча пачалі непакоіць сны, якія ён палічыў вешчымі. Хутчэй за ўсё яны з'явіліся пад уплывам мясцовых паданняў пра Рагвалодаў камень. Святы айцец вырашыў высветліць, ці не ляжаць пад валуном мошчы якога праведніка. Атрымаўшы дазвол свайго царкоўнага кіраўніцтва на раскопкі, ён справіў набажэнства і ўзяўся за працу. Неўзабаве набеглі хмары і пачалася навальніца. Святар палічыў гэта знакам боскай незадаволенасці і не пасмеў здзейсніць задуманае. Загубіла Рагвалодаў камень бальшавіцкае невуцтва і бескультур'е: перад вайной, у часе панавання атэізму, калі змагаліся не за душы вернікаў, а з атрыбутамі культу Рагвалодаў камень узарвалі на друз. Так загінуў адзін з самых каштоўных помнікаў гісторыі старажытнай Беларусі. Мы не збераглі адзіны найстаражытнейшы дакумент з дакладнай датай (дзень, месяц, год) стварэння, што ацалеў да нашага стагоддзя. Камень Рагвалода звычайна далучаюць да Барысавых. Пэўная логіка ў гэтым ёсць. Рагвалод быў сынам Барыса, жыў у тую эпоху, формулу «помози» выбраў тую ж, нават назваў і змясціў на самым відным месцы, каля крыжа, імя Барыса. Але ўсё ж, відаць, правільней лічыць валун самастойным помнікам, не з гэтага цыкла: прасіў дапамогі не Барыс, а іншы князь — Рагвалод. Крыніца (з змяненнямі): Э.А. Ляўкоў Л.В. Аляксееў (пасляслўе) Маўклівыя сведкі мінуўшчыны Мінск, "Наву




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz