ПРОШЧЫ
Месца, надзеленае, паводле ўяўленняў вернiкаў, незвычайнымi надпрыроднымi (сакральнымi) сiламi i ўласцiвасцямi. У навуковы ўжытак тэрмiн «П.» увёў у канцы XIX ст. М. А. Янчук. Згодна са «Слоўнiкам беларускай мовы» I. I. Насовiча, П. у XIX ст. называлi «асвечанае месца пры крынiцы з пастаўленым пры iм распяццем цi каплiцай з iконай, да якiх на свята рабiлi крыжовы ход». П. называлi таксама маленне аб дараваннi грахоў з ахвярапрынашэннямi ў якiм-небудзь месцы, што лiчылася святым цi цудатворным (параўн. укр. проща «багамолле»). Вера ў П. генетычна звязаная з культам прыроды. Некаторыя П. узнiклi з паганскiх свяцiлiшчаў. Аднак этнографамi зафiксавана ўзнiкненне П. i ў XIX-XX стст., калi з пэўным месцам звязвалася якая-небудзь падзея, што лiчылася цудам (напрыклад, хуткае збаўленне ад хваробы). П. пакланялiся, iх наведвалi, каб пазбавiцца ад хваробаў, рабiлi ахвярапрынашэннi (палатно, ручнiкi, кветкi, ежу, грошы ды iнш.). Значная частка П. была прызнана хрысцiянскiм духавенствам i знаходзiлася пад яго апекай. Каля такiх П. нярэдка будавалi каплiцы, цэрквы, касцёлы, у днi рэлiгiйных святаў наладжвалi крыжовыя хады i богаслужэннi. Часта П. лiчылiся некаторыя камянi з незразумелымi надпiсамi, камянi-следавiкi, паглыбленнi на якiх нагадвалi формай чалавечую ступню, што лiчылi следам Божай Мацi, крынiцы i калодзежы, вада з якiх, згодна з пашыраным меркаваннем, вылечвала ад пэўных хваробаў (пераважна вачэй), некаторыя азёры (напрыклад, Свiцязь, якое лiчылася святым возерам), узгоркi (пераважна самыя высокiя ў дадзенай мясцовасцi), некаторыя адметныя дрэвы. Найбольш вядомыя П.: Сiняя крынiца (Сiнi калодзеж) блізу Слаўгарада, Святая крынiца ў Палыкавiчах блізу Магiлёва (раней там жа рос i святы дуб), Святая горка блізу Смiлавiчаў, нагрувашчванне вялiзных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага, Святы (Дажбогаў) камень блізу в. Крамянец Лагойскага, крынiца каля в. Крынiчкi (Пупелiчы) Барысаўскага, камень-следавiк i крынiца блізу в. Сянежыцы Навагрудскага, Дзюравы камень блізу в. Каптаруны Пастаўскага, Лiпа блізу в. Капланцы Бярэзiнскага р-наў ды iнш. П. у гаворках паўночна-заходняй Беларусi называюць таксама пасвечаны хлеб.
http://mifijslavyan.ru/stories2/270.htm
|