ПРАКЛЁНЫ
3 праклёнаў перад намі яскрава паўстае тое, што было прадыктавана на працягу шматвяковага развіцця вясковаму жыхару — залежнасць чалавека ад прыроды, ад сацыяльна-эканамічнага ладу. Большасць жа праклёнаў — бытавыя, якія ўзнікаюць з розных нагод з паводзін і ўчынкаў людзей у штодзённым жыцці. Іх маглі слаць і на людзей, і на жывёл, і нават на нежывыя прадметы.
Амаль усе праклёны маюць пастаянныя пачаткі-зачыны — каб ты (цябе, табе, вам), а каб цябе, бадай цябе, а няхай, хай і т.д. Да структурных асаблівасцей беларускіх праклёнаў можна аднесці паўтарэнне пачатку ў канцы выслоўя:«Каб вы падохлі, каб вы!»;«Каб табе д'яблы скуру папісалі, каб табе!»
Народ асуджальна ставіцца да злосных, «смяртэльных» праклёнаў, асабліва калі яны скіраваны да чалавека, да сваіх бліжніх, аднавяскоўцаў. У такіх выпадках можна пачуць: «Навошта так ужо заклінаць?» Сурова асуджаецца праклінанне дзяцей і зусім кашчунным, недаравальным, лічыцца кляцьба сваіх бацькоў.
Што ж заставалася рабіць чалавеку, на галаву якога, на ягоную сям'ю і сваякоў сыпаліся страшэнныя праклёны злых чараўнікоў-варажбітоў? Адклёны, якія таксама існавалі ў народзе, тут ужываць баяліся, бо хто ж асмеліцца стаць упоравень з ведзьмаком? Навошта павялічваць і так ягоную злосць ды раз'юшанасць? Тады карысталіся замовамі, якія называліся «Ад злога праклёну», «Ад праклёну».
«Выйшла Каця на шырокую дарогу, а на шырокай дарозе прастол стаіць, а за прастолам Божам Мацер сядзіць, залаты ключ дзяржыць ад залатых варот. Госпадзі Божачка, Матачка найсвеншая, закрый маім ўрагам губы і зубы, язык, вочы і мозг, штоб яны спалі-стаялі, а супраць мяне (Каці) слова ніводнага не сказалі» (У-З. Гом.);
«Господу Богу памалюся, святой Прачыстай Мацеры пакланюся, архангелаў да мяне прысылайце, на помач мне уставайце. Як злое на мяне ўмысляць-кажуць, то няхай ім хворобы языкі завяжуць, каб яны дурного болей ніколі не шапталі і сумленных людзей не займалі. Раз такое гора абярнулася, то каб яно да мяне спінаю, а да іх тварам павярнулася. Вецер хмары носіць, дождж з іх лье, няхай злыя словы да ЗЯМЛІ прыгне, на гнілыя балоты, на чорныя лясы занясе, там мохам укрые, вадою прылье, а цяжкім камянём прыткне. Каб ніякае слова мяне не чапала, як на гэтым было, дык так каб і стала» (У-З. Ст.).
Замовы такога плану, накіраваныя іменна супраць праклёнаў, сустракаюцца надзвычай рэдка. У асноўным жа людзі ад злых слоў выратоўваліся ўсеагульнымі замовамі, якія так і называліся «Ад усяго», ці «Ад рознага».
«На гор-гарах, на божых славах, на гарэ Гранку, на востраве Бранку, там уснула дзева Марыя Багамацер. А прыйшоў да яе Ісус Хрыстос.
— Мамочка мая родная, ці ты спіш, ці ты адпачываеш?
—Сплю, мой сыночак, сплю, мой родненькі. Відзела я сон дужа дзіўненькі, што цябе на красце распіналі, кольем сэрца прабівалі, чорны веньчык надзявалі.
А ён кажаць:
— Мамачка мая родная, гэта не сон быў, а праўда была. А ў нядзелю раненько ўзышло сонца ясненько, матка сына за ручку водзіць, к сіняму мору прыводзіць. На сінім моры сіні камень ляжыць, на тым камені прастол стаіць, на тым прастоле тры кнігі ляжыць і тры свячы гарыць, сем ран раствароны, грэшная кроў пральёна. А прыйшлі да яго два апостолы, Пётр і Павел, ды гавораць:
— Ах, Божа мой, Божа, якая табе мука.
— Не жалей маёй мукі, бяры хрэст у рукі, ідзі па ўсякаму свету, расказвай старым і малым. Хто гэту малітву прачытаець, той у вагне не згарыць, у лесе не заблудзіць, а ў вадзе не патонець. Дай Гасподзь Бог покаянным смерць і амін («Дасць Гасподзь Бог вялікую радасць і амінь — варыянт канцоўкі)».
Падводзячы рысу пад нашымі разважаннямі адносна ўздзеяння чорных варажбітоў на прыроду, прыродныя стыхіі, людзей, чалавека, мы павінны канстатаваць наступнае: у наш час многае з усяго гэтага адмерла беззваротна, перайшло ў разрад прымхаў і забабонаў (асабліва што датычыцца прыроды і прыродных з'яў), а засталося ва ўжытку толькі ўсё звязанае з чалавекам, ягонай працоўнай і грамадскай дзейнасцю. Аўтар А.М. Ненадавец http://zagovor.by/interesting/6-page-46.htm
|