ПРАКЛЯЦЦЕ БАГОЎ
Пракляцці бацькоў заўсёды падтрымліваліся Багамі і Маці-Зямлёю.
Самым страшным пакараннем для беларуса было праваліцца скрозь зямлю. У такім выпадку гінула не толькі цела, але і душа. Такое пакаранне чакала чалавека за дрэнныя ўчынкі супраць людзей, за непаслушэнства дарослых перад Богам, а дзяцей — перад бацькамі.
Адна дзяўчына з багатай сям'і палюбіла пастуха. Яна збягала з дому, каб сустрэцца з каханым, і яны разам каталіся на лодцы. А бацька жадаў выдаць яе за багатага чалавека. Аднойчы ноччу, калі была навальніца і возера хвалявалася, бацька, не знайшоўшы дачкі дома, (яна ж у гэтую часіну была ў лодцы з пастухом), пракляў яе. Праклятае возера правалілася скрозь зямлю разам з дзяўчынай і хлопцам.
На месцах правалаў скрозь зямлю ўтвараюцца азёры ці балоты, якія ніколі не замярзаюць. Глыбіню такіх азёраў немагчыма змераць. Калі ж людзі з цікаўнасці спрабавалі гэта зрабіць, то чулі голас, які іх папярэджваў: «Не мерай вяроўкай, а то памераеш галоўкай».
Каб запэўніць людзей у сваёй праўдзівасці, беларус гаворыць: «Каб я скрозь зямлю праваліўся» ці «Праваліцца мне на гэтым месцы». Выкарыстоўваюцца гэтыя словы і ў пракляццях. Калі беларус жадае ворагам пагібелі, ён шле пракляцце: «Каб ты скрозь зямлю праваліўся», «Няхай цябе зямля з'есць».
http://mifijslavyan.ru/stories4/102.htm
|