ДЗЕДАВІЦА

ПЯТРО
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ПЯТРО

    Пятрок, Пятроў дзень, Пятро і Павел, Пётра і Паўла, свята народнага календара ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла (12 ліпеня н. ст.), якія ўяўляліся памочнікамі сялян у разнастайных земляробчых занятках летняга перыяду: у касьбе («З Пятрова дня ў полі пажня» (зялёны пакос); «Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць»; «Святы Пятро талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць»); у працы на пашы і ў агародзе («Святы Пятрок папары барануець, поле раўнуець, грунт гатуець»; падкопваюць маладую бульбу; перастаюць матычыць капусту); у падрыхтоўцы да жніва («Святы Пётра сярпы востра»). П. выступае як апякун нівы, асабліва грэчкі, якую сеюць за некалькі дзён да свята і якую ён палівае, нягодзячы адначасова і на жніве, і на касавіцы; ён спрыяе выспяванню ўраджаю: «Святы Пятро жытцо спеліць», «Святы Пятро жыта ядро». Са з'яўленнем каласоў у злаках звязвалі ў гэты дзень (ці таксама на Купалле) завяршэнне кукавання зязюлі, якая нібыта «падавілася ячменным коласам»: «Кукуй, зязюлька, не маўчы, // А нямнога ж табе кукаваці // Ад Вялікадня да Пятра, // Ад цёмнай ночкі аж да дня. // Як стане ячмень выплываць, // Кідай, зязюлька, кукаваць». На П. зязюля магла падавіцца не толькі коласам, але і сырам, бо са святам заканчваўся Пятроўскі пост («Пятроўка»), і можна было разгавецца скаромным: «Жджы Пятра сыр з'ясi!» Наогул з зязюляю ў гэты дзень могуць адбывацца метамарфозы: «Да Пятра куе, а пасля Пятра курэй дзярэ» згодна з народнымi ўяўленнямi, зязюля ператвараецца ў каршуна. Па больш раннім цi запозненым у дачыненнi да дня П. замаўканні зязюлi меркавалi пра характар наступных пораў года: калi яна будзе кукаваць i пасля П. трэба чакаць цёплай, пагоднай восенi, няскорага выпадзення снегу; калi ж яна замоўкне да П. будзе халодная восень i ранняя зiма. Метэаралагiчныя i ўраджайныя прадказаннi рабiлiся i на падставе назіранняў за надвор'ем у гэты дзень: «На П. дождж будзе жыта, як хвошч, сенакос мокры, на Новы год будзе страшная мяцелiца»; «Калi Пётра з Паўлам плачуць, дык людзi праз тыдзень свету не ўбачаць». Аграрна-магiчная семантыка свята П. спалучалася са шлюбнай. Па заканчэнні Пятроўкi пачыналi спраўляць вяселлi: «К Пятру i дачку адбяру» або «Дзеўка хiтра да Пятра», г. зн. стараецца спадабацца хлопцу, каб выйсцi замуж, а пасля свята зноў мусiць чакаць, пакуль надыдзе пара сустракаць сватоў. Пераважна любоўным зместам былi напоўненыя пятроўскiя песнi, якiя гучалi падчас гэтага свята i тэматычна працягвалi купальскiя. Ва ўсходняй Беларусi на П. адбываўся абрад кумлення, калi дзяўчаты абменьвалiся пярсцёнкамi, завушнiцамi, хусткамi i на працягу года лiчылiся кумамi. Гэты абрад суправаджаўся ўжываннем рытуальных страў, гуляннямi з карагодамi, з распальваннем вогнiшчаў i гушканнем на арэлях, варажбою. Дзяўчаты iшлi ў гаi «развiваць вянкi», завiтыя на Сёмуху, i, пацалаваўшыся праз iх, «кумавалiся», выбiраючы сабе сяброўку на год. У шматлiкiх павер'ях, прыкметах, прыказках свята П. найчасцей стасавалася з днём Iллi: «Святы Пятро ўкаласiўся, а святая Iлля жыта жала»; «Пётр з каласком, Iлля з калабком»; «На Пятра крышку хлеба напякла, на Iллю поўну печ хлеба наллю» (г. зн. ужо напоўнiцу можна спажываць плён нiвы). Пра тое, што лета пачало iсцi на спад, кажа прыкмета: «Пётр-Павел час убавiў, Iлля прарок два ўвалок». Наблiжэнне восенi чуецца ў прыказцы «Прыйшоў Пятрок апаў лiсток», якая мае сваё далейшае развiццё ў наступных каляндарных назiраннях: «Прыйшоў Iлля апала два»,«Прыйшоў Барыс асыпаўся ўвесь лiст», «Прыйшоў Спас скiне ўсiх нас!» ды інш. Як i на Iллю, на П. дзе-нiдзе асцерагалiся купацца. На Гомельшчыне сцвярджалi, што ў гэты дзень Сож адбiрае 25 чалавек на ахвяру Богу. На Вiлейшчыне П. лiчыўся адным з памiнальных дзён, калi належыць адведваць могiлкi.

    http://mifijslavyan.ru/stories2/253.htm

    ПЯТРО (Пятра, Пятрок) 

    Старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народ ў, своеасаблівы працяг купалля. Адзначалася 29 чэрвеня с. ст. У аснове свята – культ зеляніны; некалі яно мела аграрна-магічную накіраванасць у спалучэнні са шлюбнай. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. – апякун хлеба і хлебаробаў. П. папярэднічаў пост – пятроўка (“Пятроўка- самая галадоўка”), які дзе-нідзе называлі “бабскім”. Калі спрыяла надвор’е, на пятроўку пачыналі сенакос (“Хто ў пятроўку сена косіць, той зімою ў сабак просіць”). У старажытнасці на П. характэрна была варажба, аграрна-магічныя матывы якой спалучаліся з матывамі кахання і шлюбу. З гэтага свята звычайна пачыналіся т. зв. пятроўскія карагоды (працягваліся да Спаса). У час святкавання спявалі арганічна звязаныя з купальскімі пятроўскія песні, якія мелі некалі аграрна-магічнае прызначэнне (у наш час асноўныя ў іх матывы кахання і шлюбу); адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі (паводле Е. Р. Раманава, у некаторых мясцовасцях кумаванне дзяўчат з хлопцамі было на сёмуху, а на П. – паміж сабой), якое было пашырана ў славян і мела ў старажытнасці абрадавы характар (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі ці проста пацалаваўшыся праз вянок з завітых дрэўцаў, яны пэўны час лічыліся кумамі). Потым пачыналіся гульні, частаванне. Пасля П. лета хілілася на восень (“Прыйшоў Пятрок – апаў лісток”, “Пятрок – асенні святок”). http://rv-blr.com/dictionary/show/18648




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz