БЕЛАРУСКАЯ МІФАЛОГІЯ
Беларуская міфалогія — комплекс легенд і вераванняў насельніцтва Беларусі. Беларуская міфалогія ўваходзіць у агульнаславянскую і — адпаведна — у агульную індаеўрапейскую сям'ю міфалогій. На сёння вывучана даволі мала, існуе дэфіцыт аб'ектыўных пісьмовых крыніц. Акрамя вусных паданняў даволі значную крыніцу ўяўляюць узоры народнага мастацтва, хатняга інтэр'еру, народнага арнаменту на адзенні і ручніках. Выявы, размешчаныя на апошніх, многімі навукоўцамі тлумачацца як «партрэты» язычніцкіх бажастваў, як рудыменты сакральнага выяўленчага мастацтва. Тыповыя фігуркі жанчын на вышыўках, па версіі М. С. Кацара, могуць быць выявамі такіх духаў ці багінь як Маці-Радзіцельніца, Вяснянка, Купалінка, Радаўніца, Рай, Багач, Спарыш, Ярыла і інш. Археалогія дае сціплыя, але болей аб'ектыўныя звесткі. У большасці выпадкаў знойдзенныя ідалы ці рэшткі капішчаў нельга дакладна суаднесці з тымі ці іншымі боскімі персаналіямі. Агулам на 2014 год на тэрыторыі Беларусі знойдзена 16 прыдатных дзеля вывучэння язычніцкіх ідалаў, і яшчэ 6 дайшлі да нас у выглядзе звестак і замалёвак. Сярод старажытных культавых знаходак найбольш вядомыя:
• Ідал з в. Грабоўцы (Жабінкаўскі р-н, Брэсцкая вобл);
• Слонімскі ідал (датаваны прыблізна Х ст);
• Шклоўскі ідал (датаваны Х ст);
• Даўгінаўскі крыж-ідал;
Аднак, і таго што сёння вядома навукоўцам, большасць насельніцтва Беларусі не ведае, бо постсавецкая адукацыя ў Беларусі не лічыць гэта ведамі, якія патрэбна вывучаць. На мой погляд беларускую міфалогію патрэбна вывучаць і ведаць, бо гэта не ідэалогія і не забабоны, а падмурак светапогляду, які сфармаваў нашу мараль, нашы паводзіны і адбіўся на генетычным узроўні. Абсалютнае неведанне крыніцы светапогляду вядзе не толькі да духоўнай дэградыцыі, але і да фізічнага вымірання народу. Наш сайт прысвечаны беларускай міфалогіі. Сайт не з’яўляецца камерцыйным, а ўсяго толькі асветніцкім. Матэрыял сабраны з розных крыніцаў інтэрнэту і друкаваных матэрыялаў.